Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Маёй маме 84 гады. Цi магу я, яе дачка, быць "бежмаванаю мацi" для яе пры бежмаваннi?...»

Парафіяльны май выдаўся надзвычай багаты. Колькі дзён таму была асвечана наша капліца, пасля многія вернікі атрымалі сакрамант канфірмацыі, а зараз рыхтуемся адразу да некалькіх важных падзей: першая камунія, свята Спаслання Духа Святога.

 

Акрамя таго, сёлета святкуем 150-годдзе з дня нараджэння святой Уршулі Ледухоўскай. У гонар маці-заснавальніцы кангрэгацыі сясцёр уршулянак Сэрца Езуса Канаючага 20 мая ў парафіі распачалі навэнну. Пра дзейснасць заступніцтва святой Уршулі Ледухоўскай распавяла асістэнтка генеральнай маці-настаяцельніцы сястра Аляксандра Кмецяк.

 

Святая Уршуля любіла казаць, што святы — гэта сябар, які з неба лепш бачыць усе нашы патрэбы і клопаты. Падчас зямнога жыцця Уршуля Ледухоўская адрознівалася асаблівай чуласцю да патрэб іншых людзей. Маем мноства сведчанняў, што гэтую чуласць яна захавала і як наша святая заступніца ў нябёсах. Яна дапамагае ўсім, хто звяртаецца да яе са сваімі просьбамі.

 

Пра плён дапамогі святой апавядае асобнае выданне: у ім сабраны больш за 400 сведчанняў людзей з розных частак свету, якія атрымалі праз яе заступніцтва розныя ласкі.

 

Варта адзначыць, што святая Уршуля прысвяціла жыццё асаблівай апецы над дзецьмі і моладдзю. Яна і зараз асаблівым чынам апякуецца імі.
Прыгадаем некаторыя сведчанні аб заступнітве святой.

 

Найперш гісторыя, якая здарылася некалькі год таму. У снежні сёстры-ўршулянкі падчас падарожжа ў Варшаву трапілі ў аварыю ‒ сутыкнуліся з аўтамабілем, у якім ехалі маладыя сужэнцы. Пакуль чакалі паліцыю, многа размаўлялі. Урэшце мужчына распавёў, што пара мае праблемы з зачаццем дзіцяці. Лекары сцвярджалі, што жанчына не зможа мець дзяцей. Тады сястра прапанавала сужэнцам абразок з навэннай да святой Уршулі, заахвоціўшы іх да малітвы аб нараджэнні дзіцяці і паабяцаўшы, што будзе маліцца таксама і сама.

 

Усяго праз месяц пара прыехала да сясцёр ‒ паведаміць, што чакаюць дзіця. У верасні ў іх нарадзіўся сынок. Гэтая сям’я адведвае сясцёр да сённяшняга дня: як кажуць, маленькі Бруно прыязджае да цёці Улі. Праз некалькі гадоў зноў задумаліся аб дзіцяці ‒ і звярнуліся да святой Уршулі. У трэцюю гадавіну з дня нараджэння Бруно сям’я папоўнілася яшчэ адным дзіцяткам.

 

Многія людзі просяць святую Уршулю вымаліць для іх ласку бацькоўства, вераць у яе дапамогу, нават калі з пункту гледжання медыцыны гэта немагчыма. І плёнам іх веры ёсць шматлікія сведчанні.

 

Вось сведчанне жанчыны з Англіі. Падчас цяжарнасці выявілася, што дзіця мае шчыліны ў галаве. Медыкі настойвалі на перарыванні цяжарнасці. Але ў гэты цяжкі момант уся сям’я малілася навэнну да святой Уршулі, просячы аб жыцці і здароўі для дзіцяці. І нарадзіўся абсалютна здаровы хлопчык.

 

Яшчэ адно сведчанне расказвае пра аздараўленне шасцігадовай дзяўчынкі Вікторыі з Украіны. Адна з сясцёр прапанавала маліцца навэнну да святой Уршулі ў інтэнцыі аздараўлення дзіцяці. Яе падтрымалі сёстры з кляштара ў Камянцы-Падольскім. У хуткім часе хвароба запаволілася і пачалося паляпшэнне. З таго часу прайшло ўжо 9 гадоў: Вікторыя добра бачыць і не карыстаецца акулярамі.

 

У Аргентыне брат адной з уршулянак ехаў на матацыкле і трапіў у вельмі цяжкую аварыю. Тым не менш ён не атрымаў аніякіх пашкоджанняў. Як сцвярджаў сам, яго ўратавала святая Уршуля ‒ ён заўсёды меў з сабой яе абразок.

 

Словы падзякі за дапамогу святой Уршулі прыходзяць ад людзей з розных частак свету. У Аргентыне адна жанчына пастаянна моліцца навэнну на знак падзякі за выратаванне свайго дзіцяці ад белакроўя. Іншая жанчына даслала ліст са сведчаннем, што праз заступніцтва святой яе муж ужо 3 гады не ўжывае алкаголю і ў сям’і з’явілася згода.

 

Вось толькі некаторыя сведчанні ‒ няхай яны заахвоцяць да малітвы праз заступніцтва святой Уршулі ў самых розных інтэнцыях. Бог дае нам на дапамогу святых. Святыя не дапамагаюць толькі ў тым выпадку, калі мы іх аб гэтым не просім. Заахвочваю вас да малітвы і спадзяюся, што ў хуткім часе з’явяцца сведчанні аб дапамозе святой Уршулі з Беларусі і з вашай парафіі.

 

Навэнна да святой Уршулі Ледухоўскай

О Езу, Твайму Сэрцу даручаю…(назваць інтэнцыю)

Узглянь і учыні тое, што падкажа Табе Тваё Сэрца. Дазволь Твайму Сэрцу дзейнічаць. О Езу, я разлічваю на Цябе, давяраю Табе, цалкам Табе аддаюся. У табе я ўпэўнены. О Сэрца поўнае любові, давяраю Табе без рэшты, бо сам з сабе я схільны да ўсялякага зла, але ва ўсім спадзяюся на Тваю дабрыню. Амэн.

Дзеля заслугаў нашага Пана Езуса Хрыста прымі, о Божа, малітвы якія ўзносяцца да Цябе праз заступніцтва святой Уршулі Ледухоўскай, вернай паслядоўніцы дабрадзенасцяў Найсвяцейшага Сэрца Твайго Сына і ўдзялі нам ласкі, якой з даверам просім. Амэн.

Найсвяцейшае Сэрца Езуса змілуся над намі.

Святая Уршуля маліся за нас.

(навэнна-малітва, якая трывае 9-дзён)

 

Тэкст Вольга Жвірко

 

Чытайце таксама:

   Кангрэгацыя Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага (уршулянкі)

  150 год з нараджэння св. Уршулі