Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Стою на дороге и не знаю куда пойти: в церковь или в костел? Ни разу не была ни там ни там. От боли в душе не знаю, куда деться. Как зайти, когда ...»

MatulewiczАднавіцель cупольнасці айцоў марыянаў блаславёны біскуп Юры Матулевіч прагнуў, каб марыяне, напоўненыя апостальскім духам, самааддана працавалі ў асяроддзі тых народаў, з якіх яны паходзілі і ў якія будуць пасланыя. Ён асабіста дбаў і клапаціўся аб нацыянальнай дыферынцыяцыі супольнасці, яднаючы ў ёй палякаў, літоўцаў, латышоў, беларусаў і амерыканцаў. Ён пісаў: Мы ставім перад сабой задачу, каб кожны з нас перадусім працаваў ва ўласным краі і сярод сваіх землякоў, змагаўся за збаўленне душаў і Божую хвалу. Падобны тэкст запісаны таксама і ў канстытуцыі супольнасці.

Віленскі біскуп бачыў, як моцна беларусы, якіх шмат было ў ягонай дыяцэзіі, пазбаўленыя добрай душпастырскай апекі на зразумелай для іх мове. Улічваючы гэта, ён заснаваў у 1923 г. кляштар у Друі, які па задуме павінен быў мець беларускі характар і ад якога распачалася надзвычай багатая гісторыя службы марыянаў на Беларусі. Улічваючы невялікі памер гэтага рэферату, амаль уся ўвага будзе засяроджана менавіта на гэтым марыянскім асяродку ў Друі. Асаблівая ўвага, да таго ж, аддаецца першаму, міжваеннаму перыяду ягонага функцыянавання з тае прычыны, што гэты перыяд быў асабліва плённы на апостальскія справы. Друйскі кляштар паклаў пачатак прысутнасці марыянаў у Вільні, а таксама місіянерскай паслугі ў Харбіне (Манджурыя), а ў пасляваенны перыяд – працы сярод беларускай эміграцыі ў Лондане. На ўсіх гэтых абшарах апостальскай дзейнасці надзвычай выбітным чынам вызначыліся многія беларускія марыяне.

Дзеля таго ж, каб лепш зразумець увесь кантэкст паслугі марыянаў у міжваеннай Рэчы Паспалітай, варта хоць бы ў агульных рысах прыгледзецца да складанай нацыянальнай праблемы, а яшчэ дакладней, да становішча беларусаў у той гістарычны перыяд. Нацыянальнае пытанне належала, без сумніву, да найбольш цяжкіх праблем, якія паўсталі перад Рэчай Паспалітай пасля першай сусветнай вайны. Нават цяпер, з адлегласці часу, яно трактуецца як вельмі далікатная загадка. Ацэньваючы нацыянальнае пытанне ў міжваеннай Польшчы, здаецца, вельмі цяжка пазбегнуць суб’ектывізму. Разглядваючы становішча людзей беларускай нацыянальнасці, палякі зазвычай робяць гэта са свайго пункту гледжання, а беларусы, у сваю чаргу, са свайго. І адны, і другія маюць сваю рацыю, праз якую цяжка прабіцца дзеля справядлівай і аб’ектыўнай ацэнкі.

Становішча беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай на тле нацыянальнага пытання

Адроджаная ў 1918 г. Польшча ў вачах заходняга свету атрымала для сябе назву «сезоннай дзяржавы». Варта дадаць – пагардлівую назву. Пасля таго, як Расія ўскочыла ў лапы бальшавіцкай рэвалюцыі, выкрасліўшы сябе з ліку верагодных еўрапейскіх вялікіх дзяржаў, ніхто не хацеў мець яе за партнёра ў міжнародным супрацоўніцтве. А гэта прычынілася да таго, што Польшча заняла належнае месца на еўрапейскай арэне. Бо вялікім заходнім дзяржавам патрэбна была краіна, якая б з усходу стрымлівала пераможаную Нямеччыну і якая б таксама засланіла магчымы паход кумунізму на захад. Гэтай краінай павінна была стаць Польшча, але толькі да нармалізацыі сітуацыі ў Расіі, альбо задужа «прароцкага» і чаканага ўпадку камунізма. Палякі, ствараючы моцную і стабільную дзяржаву, вельмі добра даказалі свету, што яны патрапяць выкарыстаць гэтую спрыяльную для іх сітуацыю. Несумненным прыкладам гэтага была пераможная бітва з бальшавікамі пад Варшаваю ў 1920 г. «Сезонная дзяржава» паказала заходняму свету, што яна здольная справіцца са сваім заданнем.

Гэты працэс будовы дзяржаўнасці пасля многіх гадоў падзелу, а тым самым пацверджання Польшай свайго месца на карце Еўропы, абапіраўся на заходнюю думку, у тым ліку і на заходнюю канцэпцыю народа, акрэсленага дзяржаўнай прыналежнасцю. Тым часам трэцюю частку грамадзянаў складалі асобныя нацыянальныя меншасці, якія апынуліся ў складзе Рэчы Паспалітай, часта незалежна ад свайго жадання і волі. Дастаткова прыгадаць, што сярод беларускай меншасці плыні тыя, якія падтрымлівалі аб’яднанне з Польшчаю, мелі вельмі абмежаваны ўплыў. Таму Рэч Паспалітая не была згуртаванай у культурным плане дзяржавай, што аддаляла яе ад заходняй культуры, а ейныя няпольскамоўныя грамадзяне рэдка атаясамлялі сябе з грамадзянамі дзяржавы. Гэта выклікала незадавальненне з боку ўладаў, якія часта ўспрымалі іх як грамадзян другой катэгорыі і абмяжоўвалі іхнія правы. Зрэшты, у польскім асяроддзі існавала рознае стаўленне да палітыкі адносна нацыянальных меншасцей. Найбольш радыкальным было стаўленне Народнай Дэмакратыі з яе сцяганосным лозунгам Польшча для палякаў, за якім стаяла перакананне, што ў адроджанай дзяржаве могуць кіраваць толькі палякі. Гэты лагер успрымаў беларусаў як нацыянальна несвядомых палякаў; таму дамінавала канцэпцыя, што дастаткова іх ахапіць працэсам паланізацыі, і яны самі асімілююцца. Інакш пазней падышоў да гэтай праблемы санацыйны лагер, які замяніў канцэпцыю асіміляцыі нацыянальнай меншасці тэорыяй дзяржаўнай асіміляцыі, а таму і кшталтавання ў прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці пачуцця сувязі з Рэчай Паспалітай Польскай як з уласнаю дзяржаваю. Што да беларусаў, то нягледзячы на шэраг прыхільных жэстаў Пілсудскага (сярод іх і ўвядзенне беларускай мовы ў школах, дзе вучылася шмат беларусаў), гэтая палітыка з розных прычынаў не мела поспеху. Для цэласнасці гэтай карціны варта дадаць, што нацыянальныя меншасці, якія насялялі польскую дзяржаву, былі ахоплены абаронным правам у выглядзе падпісаных Польшчаю міжнародных дамоваў, а таксама і ўнутраным заканадаўствам.

Закранаючы тэму беларускай народнасці ў Польшчы, трэба найперш звярнуцца да статыстычных дадзеных. Беларусы засялялі амаль што выключна чатыры ваяводствы: палескае, наваградскае, віленскае (на тэрыторыі якога паўстаў марыянскі кляштар у Друі), а таксама беластоцкае. Паводле перапісу 1931г. беларуская меншасць складала каля 1,5 – 1,9 млн чалавек (4–6% жыхароў краіны), у тым ліку на Віленшчыне – каля 406 тыс. (альбо 32,1% ад агульнай колькасці жыхароў гэтага ваяводства). У Віленскім ваяводстве беларусы жылі амаль што паўсюль ў вёсках. Пераважная частка беларусаў існавала з працы на зямлі; працэнт вясковага насельніцтва быў тут выключна вялікі і складаў каля 92%, большасць з якіх была ўладальнікамі дробных гаспадарак. Не цяжка заўважыць, што асяроддзе беларускай інтэлігенцыі, а таксама дробных прадпрыймальнікаў было нешматлюдным. Беларусы належалі таксама да найбяднейшых слаёў у Польшчы. Па веравызнанні дамінавала праваслаўе, да якога належала звыш за 80% насельніцтва; астатнія былі рыма-каталіцкага веравызнання, прычым пачуццё канфесійнай прыналежнасці сярод беларусаў брала верх над пачуццём нацыянальнай прыналежнасці. Аднак гэта не азначае, што нацыянальнай свядомасці наогул не існавала. Наадварот, нягледзячы на тое, што яна была слабою ў параўнанні з іншымі меншасцямі, аднак яна пастаянна паглыблялася, а легкаважнае ўспрыняцце польскімі ўладамі беларусаў яшчэ больш абуджала ў іх нацыянальную і грамадскую прыналежнасць, што праяўлялася таксама і ў агульным непрыязным настроі да дзяржаўнага апарата.

Прыкладам палітычнага прагрэсіўнага руху і самавызначэння беларусаў было стварэнне ўласных партый. Напачатку, праўда, некаторыя беларускія асяродкі ўскладалі свае надзеі на ўмераных польскіх левых, а таксама на асяроддзе, набліжанае да Пілсудскага, якое ў сваіх праграмах узнімала лозунгі грамадскіх рэформаў і нацыянальнага раўнапраўя, але гэтыя надзеі вельмі хутка не спраўдзіліся. Не дапамагалі таксама дзеянні прыхільнікаў паразумення з польскімі ўладамі, што групаваліся ў створаным вясною 1921 г. Беларускім Палітычным Камітэце. Прадстаўнікі сацыялдэмакратыі, хрысціянскай дэмакратыі, а таксама беспартыйныя дзеячы, аб’яднаныя ў Цэнтральным Беларускім Выбарчым Камітэце, пастанавілі ўзяць удзел у парламенцкіх выбарах у лістападзе 1921 г. Яны атрымалі 11 месцаў у Сойме і тры ў Сенаце, што прывяло ў будучым да стварэння Беларускага пасольскага клубу. Паслом стаў, між іншым, кс. Адам Станкевіч, лідэр сфармаванай ужо ў 1917 г. хрысціянскай дэмакратыі, якая працавала над умацаваннем становішча роднай мовы ў вёсках, а ў гаспадарчай праграме спасылалася на пастулаты, змешчаныя ў энцыкліцы Rerum novarum, якая крытычна ставілася да Савецкай Беларусі (у процілегласць некаторым левым рухам, што з надзеяй пазіралі на ўсход). Беларуская хрысціянская дэмакратыя, з якой – як мы пазней убачым – былі звязаныя і некаторыя беларускія марыяне (дзейнасць хацдэкаў у асноўным абапіралася на каталіцкае духавенства), у хуткім часе выклікала незадавальненне як свецкіх, так і духоўных уладаў. З боку апошніх сустракалася нават асуджэнне, якое здзейсніў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Прычынаю гэтага асуджэння былі ў асноўным моўныя праблемы.

Другой уплывовай супольнасцю побач з хрысціянскай дэмакратыяй была сфармаваная ў 1925 г. групай беларускіх паслоў на чале з Браніславам Тарашкевічам Беларуская рабоча-сялянская грамада. Аднак з прычыны свайго імклівага развіцця, якое пагражала польскай крэсовай адміністрацыі, яна была забаронена ўжо праз два гады пасля свайго ўтварэння

Карацей кажучы, у беларускім пытанні мела месца правіла зачараванага кола. Польскія ўлады, усвядоміўшы, што беларусаў не дасца лёгка спаланізаваць, бо ў іхніх шэрагах імкліва развівалася пачуццё ўласнай нацыянальнай тоеснасці, нервова рэагавалі на кожны акт беларускай нацыянальнай дзейнасці. А сярод беларусаў, як гэта выразна відаць, настроі з часам радыкалізаваліся з прычыны таго, што ўлады не выконвалі сваіх абяцанняў і ўсцяж легкаважна ставіліся да беларусаў. Непрыязнасць беларусаў да Польшчы нараджалася таксама ў выніку іхняга горшага класавага становішча, якая падсычалася весткамі з Савецкай Беларусі пра нібыта лепшае жыццё іхніх суайчыннікаў. Перашкодаю да ўзаемных стасункаў быў таксама нацыяналізм, што нараджаўся з абодвух бакоў (хоць трэба тут прыгадаць, што часта праявы нацыяналізму вышукваліся ў такой дзейнасці нацыянальнай меншасці, якая сярод палякаў пад час падзелаў Рэчы Паспалітай лічылася патрыятызмам).

Заснаванне і развіццё кляштара марыянаў у Друі

Дзяржаўная праграма, якая была накіравана на паланізацыю Крэсаў, мела намер у значнай ступені выкарыстаць для гэтага каталіцкі Касцёл. Бо Касцёл, цытуючы дэлегата ўраду з Вільні Валерыя Рамана, быў наймацнейшым чыннікам атрымання для польскасці каталіцкага насельніцтва (...) з неакрэсленым нацыянальным пачуццём21. Калі кіраваць віленскай дыяцэзіяй пачаў біскуп Юры Матулевіч, то моцным правілам гэтага кіравання сталі словы, якія ён сказаў у часе свайго інгрэсу: Буду настаўнікам для ўсіх. З гэтага правіла паходзіў ягоны пазітыўны стасунак да кожнай мовы, якая ўжывалася ў дыяцэзіі. Гледзячы на нацыянальную палітыку ўладаў, якая была скіравана на выцясненне ўсіх моваў, апроч польскай, ён супрацьстаяў таму, каб дзеля гэтых мэтаў выкарыстоўваўся Касцёл; ён сцвярджаў, што заданнем Касцёла з’яўляецца не навучанне моваў, але абвяшчэнне Евангелля ў такой мове, якая найбольш зразумелая для людзей.

У той час існавала праблема ўжывання беларускай мовы ў святынях. За такую магчымасць выступала беларуская інтэлігенцыя, а асабліва самі святары24. Біскуп Матулевіч падтрымліваў іх з некалькіх прычынаў, якія ён назваў у размове з кс. Андрэем Цікотам. Бо ён ведаў, што беларускае насельніцтва мае слабую рэлігійную свядомасць і што змяніць гэты стан рэчаў можна толькі праз яго катэхізацыю на роднай мове. Да таго ж ён жадаў, каб беларускі адраджэнцкі рух, у якім удзельнічала і каталіцкае духавенства, моцна закараніўся ў Касцёле, паколькі ў адваротным выпадку ён мог бы сысці на непажаданы шлях.

Як бачым, біскуп быў заклапочаны лёсам беларускага насельніцтва. Аднавіцель супольнасці айцоў марыянаў у размовах з беларускімі святарамі часта заахвочваў іх да ўступлення ў шэрагі гэтай законніцкай супольнасці. Такім чынам, да марыянаў прыйшлі святары: Андрэй Цікота, Язэп Германовіч, Віталіс Хамёнак, Фабіян Абрантовіч і іншыя. Важным этапам заснавання беларускай галіны марыянаў стала зацверджанне біскупам кляштара марыянаў у Друі над Дзвіной. У просьбе біскупа Матулевіча да Апостальскай Сталіцы аб дазволе на адкрыццё законнага дома ў пабернардынскіх будынках (23 ліпеня 1923 г.) былі знамянальныя словы пра тое, што марыяне маюць намер заснаваць у мурах кляштара ювенат і навіцыят для кандыдатаў беларускай нацыянальнасці, сярод якіх значная частка належыць да праваслаўя і не мае сваіх законнікаў, якія б маглі распачаць паслугу для іх навяртання і збаўлення27. У сярэдзіне 1923 г. у Друі з’явіўся, пасланы айцом Матулевічам, кс.Андрэй Цікота, які быў тады вікарыем пробашча Антонія Зінкевіча. Ягонай задачай было падрыхтаваць парафію для прыняцця яе марыянамі. У 1924 г. марыяне прынялі пляцоўку ў Друі разам з парафіяй, якая налічвала звыш 5 тысяч вернікаў, і філіяльным касцёлам у Мальках. Кіраўніком законнага дома і пробашчам стаў кс. Андрэй Цікота, які хутка разгарнуў у Друі душпастырскую і выхаваўчую працу ў заснаванай ім жа гімназіі.

Айцец Цікота стаў вядомы сярод парафіянаў як цудоўны арганізатар. Ён узняў агульны ўзровень душпастырства праз шырокую катэхізацыю, увядзенне шматлікіх набажэнстваў і гарантаваную душпастырскую паслугу вернікам, нягледзячы на памер заплаты за яе28. Разам з гэтым ён праводзіў рамонт касцёла і кляштара. Ён праявіўся таксама і як грамадскі дзяяч: дапамог адчыніць “Касу Стэфчыка”, спажывецкую арцель «Сноп», а таксама спрыяў электрыфікацыі горада.

Беларускі характар кляштара прыцягваў новых кандыдатаў на законніцкае жыццё. 10 жніўня 1923 г. біскуп зацвердзіў у Друі навіцыят, у якім праходзілі падрыхтоўку першыя кандыдаты: кс.Віталіс Хамёнак (з 1922 г. святар віленскай дыяцэзіі, які быў да таго прэфектам пачатковых школ у друйскай парафіі; пазней выконваў абавязкі кіраўніка навіцыяту), клерык Казімір Смулька (пазней, пасля пасвечанняў выконваў функцыі эканома кляштара) і некалькі свецкіх (сярод іх – і Юры Кашыра). Ужо ў 1924г. у мурах кляштара жыло 9 маладых кандыдатаў у ордэн марыянаў. У наступным годзе пасля навіцыяту ў Скурцы да кс.Цікоты далучыўся кс.Язэп Германовіч (святар віленскай дыяцэзіі, з 1921 г. член Таварыства беларускай школы, пазней – пісьменнік, паэт, публіцыст), які быў прызначаны пробашчам парафіі. У тым самым годзе да іхняга кола далучыўся яшчэ адзін святар віленскай дыяцэзіі – кс. Юзаф Дашута, студэнт Люблінскага каталіцкага універсітэта. Пасля навіцыяту ён выехаў на вучобу ў Рым, закончыў яе са званнем доктара кананічнага права і ў 1927г. вярнуўся ў Друю. У 1926 г. у ордэн марыянаў уступіў ксёндз пралат Фабіян Абрантовіч, вядомы беларускі грамадскі і рэлігійны дзяяч, звязаны з хрысціянскай дэмакратыяй, былы рэктар семінарыі ў Мінску. З усяго сказанага відаць, што ў марыянскі асяродак у Друі ўваходзілі людзі, глыбока зацікаўленыя працай над хрысціянскім і нацыянальным адраджэннем беларускага народа. Калі генеральная капітула, што адбывалася ў 1927 г., выпрацоўвала падзел супольнасці на правінцыі, тады польскія святары выказаліся за супрацоўніцтва ў Друі святароў абедзвюх нацыянальнасцей. Аднак беларусы, спаслаўшыся на эрэкцыйны дэкрэт, адстойвалі выключна беларускі характар марыянскай супольнасці, з прычыны чаго было прынята рашэнне выдзеліць друйскі дом з польскага вікарыяту (самастойная правінцыя ў Польшчы была ўтворана толькі ў 1930 г.) і зрабіць яго непасрэдна падначаленым айцу генералу. Але такая прававая сітуацыя не задавальняла апостальскага нунцыя ў Польшчы Ф.Гартэсі, які сцвярджаў, што залежнасць друйскага дома ад Рыма ў сітуацыі, калі марыяне маюць правінцыю ў Польшчы, не адпавядае патрабаванням канкардату.

Надзвычай плённа развівалася таксама і выхаваўчая праца. Ад самага пачатку сваёй прысутнасці ў Друі а.Цікота распачаў падрыхтоўчыя курсы для кандыдатаў будучай гімназіі. Дырэктаркай тых курсаў была прызначана сястра эўхарыстка Ванда Яутэ35. З часам тыя курсы былі ператвораныя ў нармальныя класы гімназіі, і ў кляштарных мурах была адчынена гімназія гуманістычнага профілю імя Стэфана Батуры. Дырэктарам яе стаў айцец Цікота, функцыі намесніцы выконвала с.Яутэ. Афіцыйна гэта была польская гімназія, хоць большасць навучэнцаў было беларускай нацыянальнасці і паходзіла з незаможных вёсак ды засценкаў. Гэта была навучальная ўстанова з сумесным навучаннем, што было своеасаблівым novum у тыя часы і таксама стварала некаторыя праблемы. У гімназіі вучылася ад 100 да 140 навучэнцаў розных веравызнанняў (разам з католікамі былі тут праваслаўныя, пратэстанты і габрэі). Сярод выкладчыкаў працаваў Антоні Голубеў, пазнейшы пісьменнік, а тут ён быў выкладчыкам гісторыі і прапедэўтыкі. Сярод навучэнцаў гімназіі былі будучыя прастаўнікі сур’ёзных прафесій: лекары, вайскоўцы, грамадскія дзеячы. Гімназія выканала таксама пазітыўную ролю і для ордэна марыянаў, бо у ёй навучаліся кандыдаты ў будучыя законнікі36. Яе закончылі ксяндзы: Тамаш Падзява (місіянер у Харбіне, вязень сталінскіх лагераў, а пасля вяртання ў Польшчу – публіцыст «Znaku» i «Tygodnika Powszechnego»), Антоні Падзява, Юры Кашыра (марыянскі мучанік), Антоні Лось, Часлаў Сіповіч (грэка-каталіцкі біскуп і генерал ордэна марыянаў).

Складаныя кантакты з касцельнымі і дзяржаўнымі ўладамі. Высяленне марыянаў з Друі

Ад самага пачатку побыту марыянаў у Друі мелі месца пэўныя непаразуменні на нацыянальнай глебе як з касцельнымі, так і з дзяржаўнымі ўладамі. Пасля таго, як біскупа Матулевіча замяніў у Вільні арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі узніклі непаразуменні з касцельнымі ўладамі. Прычынаю для падазрэнняў мітрапаліта паслужылі казанні на беларускай мове. Айцу Цікоце нават часова было забаронена выконваць святарскія абавязкі па-за парафіяй. Непасрэднай жа прычынай паслужыў артыкул у літоўскай газеце пра тое, як на з’едзе біскупаў віленскай метраполіі айцец Цікота выйшаў з прапановай гаварыць казанні па-беларуску і сустрэў рэзкі адпор свайго пастыра38. Гэткая ж самая «кара» напаткала пазней і айца Смульку, які па просьбе аднаго пробашча гаварыў казанне па-беларуску ў парафіі, дзе ніколі такіх казанняў раней не было. У самой Друі казанні па-беларуску час ад часу гаварыліся яшчэ з 1917 г., а сістэматычна – ад 1924 г. Тое ж самае адбывалася і ў філіяльных Мальках. Іх гаварылі пасля нешпараў, не адмовіўшыся тым самым ад казанняў на польскай мове (нават на адно паболела), аднак і гэта выклікала незадавальненне сярод некаторых мяшчанаў. Нягледзячы на тое, што біскуп Матулевіч на просьбу пробашча зацвердзіў парадак набажэнстваў (а значыць, і мовы, на якіх яны справаваліся), па просьбе генеральнага вікарыя супольнасці кс. К.Бранікоўскага было забаронена гаварыць казанні па-беларуску. Такі вынік, безумоўна, задавальняў арцыбіскупа Ялбжыкоўскага, які недаверліва ўспрымаў святароў, што ўдзельнічалі ў партыі хрысціянскай дэмакратыі, а значыць, таксама і айца Цікоту, і ў 1928г. звяртаўся да іх з парадаю спыніць палітычную дзейнасць.

Трывалым праціўнікам дзейнасці марыянаў у Друі быў у той час кс. Бародзіч – пробашч з суседніх Мёраў, які і на словах, і ў друку (кніга «Kresy wileńskie w niebezpieczeństwie») рэгулярна ачарняў Цікоту і іншых марыянаў. Бародзіч прыбягаў нават да розных шантажоў, як напрыклад, спроба будоўлі касцёла ў Друі (нібыта з дазволу ардынарыя), якая мела на мэце адцягнуць значную частку насельніцтва ад марыянаў. Асобныя падбухтораныя кс. Бародзічам галасы даходзілі да мітрапаліта, які стварыў камісію, у якую ўваходзілі прадстаўнікі дыяцэзіі і ордэна. Між іншым, камісія разглядвала таксама і пытанне запрашэння ў Друю польскіх ксяндзоў, каб знішчыць падазрэнне аб палітыканстве марыянаў, аднак да гэтага не дайшло, бо візітатар, прадстаўнік генерала марыянаў не пацвердзіў ніякіх злоўжыванняў у гэтым пытанні.

Асаблівыя нападкі на друйскіх марыянаў праводзіла польская прэса, аднак кс.Цікота рэгулярна высылаў аправяржэнні ў газеты, што аслабляла «шчыраванне» журналістаў на гэтую тэму. І ўсё ж з горкай крыўдаю ён пісаў айцу віцагенералу Бранікоўскаму: Вельмі ахвотна змяніў бы я свае адносіны да пальшчызны і да Ураду, калі б мне растлумачылі, чым яны няправільныя. Мы не толькі робім усё справядліва, але яшчэ робім і ўсё, што можам, для пальшчызны. Да нас у Друі сядзелі польскія ксяндзы, якія і дзесятай долі таго не рабілі. Адзіны наш грэх у тым, што мы не называем сябе палякамі.

Шматлікія даносы на марыянаў выклікалі ў прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў незадаволенасць насельнікамі кляштара. Гэтая незадаволенасць праяўлялася па-рознаму: у затрымцы Міністэрствам унутраных спраў прызначэння а.Дашуты на пробашча парафіі, затрымцы адпаведнымі органамі прызначэння а. Цікоты на дырэктара гімназіі альбо адмова браслаўскага старасты выдаць памежныя дазволы на права паездак у Латвію для святароў, якія ўдзялялі там душпастырскую дапамогу.

У 1933 г. скончыўся тэрмін прабывання а.Цікоты ў якасці суперыёра ў Друі. Генеральная капітула 21 ліпеня 1933 г. абрала яго генералам ордэна, што патрабавала выезду ў Рым. Новы генерал прызначыў на сваё месца ў Друі а.Уладзіслава Лысіка, генеральнага раднага48.

У трыццатыя гады дзяржаўныя ўлады штораз больш абмяжоўвалі ўсялякія праявы сваёй нацыянальнасці не-палякамі на Крэсах, вядома, і дзейнасць нацыянальнага характару беларускага духавенства таксама. У 1938 г. адміністрацыйная ўлада распусціла Народны беларускі камітэт, які ў сваіх просьбах, скіраваных у Апостальскую Сталіцу, імкнуўся ўводзіць беларускую мову ў набажэнствы. У тым камітэце працаваў таксама і марыянін з Вільні – а. Германовіч.

Пераломным годам у дзейнасці друйскага кляштара, несумненна, стаў 1938 год, калі віленскі ваявода Людвіг Бацянскі выдаў дэкрэт, які забараняў пражываць у памежнай зоне святарам Кашыру, Дашуту, Смульку і Хамёнку (30 мая 1938 г.). Гэтыя святары атрымалі загад пакінуць Друю, якая знаходзілася ў памежнай зоне, да 10 чэрвеня. На такі паварот справы зарэагаваў айцец правінцыял Мрочэк, выслаўшы міністру ўнутраных спраў у Варшаве просьбу ўстрымацца ад выканання дэкрэта ваяводы, тлумачачы, што гэтыя святары выконвалі свае абавязкі з лаяльнасцю да дзяржаўнай улады, а дэкрэт ваяводы крыўдзіць усю супольнасць. Святары не пакінулі Друі, бо лічылі, што не могуць гэта зрабіць без рашэння ўлады ордэна. Тая ж вычэквала. 23 чэрвеня прадстаўнікі дзяржаўнай улады сілком вывезлі названых святароў з памежнай зоны. Супраць гэтага рэзка запратэставаў правінцыял, зноў выслаўшы ў Міністэрства ўнутраных спраў ліст, у якім прасіў даць распараджэнне аб вяртанні законнікаў у Друю. Апостальскі нунцый таксама выказаў сваю незадаволенасць высяленнем марыянаў, заявіўшы, што такія дзеянні парушаюць параграфы канкардату. Парафіяне таксама пратэставалі. 31 ліпеня 1938г. яны сабралі сход з удзелам тысячы чалавек, на які запрасілі генеральнага пасла Жэлігоўскага, і выказалі свой пратэст. У пратаколе сходу яны абаранялі выселеных святароў, падаючы ў ім таксама шматлікія прыклады сумленнай працы законнікаў. Яны пісалі: Зусім не заўважана, каб праца ксяндзоў была шкоднай для Рэчы Паспалітай Польскай, наадварот, айцы вельмі шмат рабілі дабра, узнімаючы маральнасць, асвету, духоўную і матэрыяльную культуру, а таксама ствараючы моцны бастыён на памежжы з камунізмам. Аднак улады не жадалі саступаць, і ў верасні яны выдалі новы дэкрэт аб чарговым высяленні марыянаў: Баніфацыя Саруля, Казіміра Саруля і Антонія Падзявы.

Што было прычынай такой суровай дзейнасці адміністрацыйных уладаў? Несумненна, гэтаму паспрыялі многія папрокі ў адрас друйскіх марыянаў. Найбольш праявілася ў гэтых папроках рэдакцыя кракаўскага «Ilustrowanego Кuriera Codziennego», прыпісваючы марыянам нават бальшавіцкую дзейнасць (у чым свой удзел меў узгаданы ўжо тут кс.Бародзіч). Генерал марыянаў вырашыў распачаць судовы працэс супраць гэтага выдання, што падтрымала таксама рада польскай правінцыі супольнасці, а друйскі суперыёр кляштару быў упаўнаважаны выступіць супраць кс.Бародзіча ў касцельным судзе. Зразумела, што папрокі ў нібыта бальшавіцкай дзейнасці марыянаў былі звязаныя з іхняй беларускай дзейнасцю. Таму парафіяне, абараняючы сваіх духоўных настаўнікаў, тлумачылі ў згаданым пратаколе, што ксяндзы не праводзілі палітычнай дзейнасці, а толькі душпастырскую; адно што гаварылі казанні па-беларуску і размаўлялі па-беларуску з тымі, хто не разумеў па-польску. Падобнае ж выказванне значна раней зрабіў і а.Лысік, які сцвердзіў, што марыянаў няслушна публічна папракаюць за беларускую працу і што такі самы погляд выказваюць настаўнікі гімназіі, у асноўным, палякі.

Дзеля ўпарадкавання спраў друйскай парафіі і законнага дома генеральны суперыёр лістом ад 9 ліпеня 1938 г. аддаў іх польскай правінцыі. 28 жніўня 1938 г. функцыі суперыёра законнага дома, а таксама дырэктара гімназіі пачаў выконваць а.Яўгені Кулеша. У выніку друйскіх падзей гімназія нават была зачынена органамі асветы, але пазней удалося яе аднавіць. Аднак само кіраўніцтва домам у Друі з боку айца правінцыяла Мрочка не было лёгкім з прычыны канфлікту паміж ім і айцом генералам Цікотам на фоне змененага становішча спраў, функцыянавання душпастырства польскіх марыянаў і аднясеннем друйскага дома да польскай правінцыі.

Перыяд ІІ сусветнай вайны

У хуткім часе пасля апісаных вышэй падзей надышоў балючы перыяд сусветнай вайны. У 1939 г. усходнія рубяжы Рэчы Паспалітай былі ўключаны ў СССР. Тое, што адбылося тады з кляштарам, коратка і трапна шмат гадоў пазней ахарактарызаваў даўні настаўнік гімназіі Часлаў Бабалеўскі: На прыгожы барокавы касцёл, на старажытныя будынкі, якія так нядаўна былі вернутыя да жыцця, поўныя энергічных галасоў моладзі, адгалоскаў руху і працы мястэчка зваліўся савецкі вырак знішчэння, разбурэння на друз, аддання на волю лёсу іншых пляцовак культуры. Бальшавікі канфіскавалі інвентар законнікаў, адабралі палі, лугі і сады, а напрыканцы 1939 г. зачынілі гімназію. Праўда, яны не выгналі марыянаў з кляштара, але абмежавалі іхнюю душпастырскую працу і кантакт з людзьмі. У 1940 г. друйскі дом быў уключаны ў нядаўна створаную латышскую правінцыю. Гэта было зроблена таму, што ў выніку ваенных падзей ён аказаўся адрэзаны ад правінцыяльнага суперыёра ў Варшаве. Такі стан працягваўся да 1944 г.

22 чэрвеня 1941 г. нямецкія войскі перайшлі граніцу СССР. У часе нямецкай акупацыі ўсходняя тэрыторыя віленскай архідыяцэзіі апынулася ў Генеральнай беларускай акрузе, устаноўленай нямецкім камісарам у Мінску. Нямецка-савецкая вайна прынесла шмат знішчэння і людскіх стратаў. У хуткім часе пасля яе выбуху войска і ўлады пакінулі Друю, і пачаўся час бяспраў’я: рабункі, напады і самасуды над тымі жыхарамі, якія спрыялі бальшавікам. Для ўстанаўлення парадку было вырашана стварыць грамадзянскі камітэт, кіраўніком якога жыхары абралі а.Кулешу. Аднак гэта, у сваю чаргу, у хуткім часе прынесла яму помсту чырвонаармейцаў, якія 30 чэрвеня 1941 г. учынілі над ім жорсткую расправу. Забойства святара моцна ўзрушыла парафіянаў.

Пасля новага прыходу немцаў у Друю 5 ліпеня 1941 г. сёстры эўхарысткі пайшлі ў вёску Лупанты за Дзвіной, дзе з дапамогаю сведкаў знайшлі ў полі месца пахавання забітага а.Кулешы і прывезлі ягонае цела ў Друю, дзе ён і быў пахаваны каля касцёла. Людзі былі перакананыя ў мучаніцкім характары смерці а.Кулешы і ўспрымалі яго як святога. Аднак знешнія праявы такой пашаны мусілі знікнуць пасля вяртання бальшавікоў. Пробашчам у Друі стаў Вінцэнты Смалінскі.

Калі ж фронт пасунуўся далей на ўсход, католікі, што жылі за Дзвіной, звярнуліся да друйскіх марыянаў з просьбаю прыслаць ім святароў, якія б распачалі душпастырскую працу на іхняй тэрыторыі, што многія гады была пазбаўленая святарскай паслугі. На місійную працу за Дзвіну першым паехаў а.Антоні Ляшчэвіч (былы дыяцэзіяльны святар і душпастыр у Харбіне, а з 1939 г. марыянін). Сядзібаю той місіі стала Росіца. У снежні 1941 г. да Ляшчэвіча далучыліся а.Фелікс Чачот, а.Уладзіслаў Лашэўскі і клерык Генрык Тамашэўскі. У 1942 г. на месца а.Чачота і клерыка Тамашэўскага прыехаў а. Юры Кашыра.

Актывізацыя партызанскай дзейнасці ў тых мясцінах выклікала карную экспедыцыю фашыстаў, ахвярамі якой сталі мірныя жыхары. У сярэдзіне лютага 1943г. у друйскім кляштары закватэраваў нямецкі штаб, а ў Росіцы і яе ваколіцах з’явіліся аддзелы карнай экспедыцыі63. Нягледзячы на папярэджанні, святары вырашылі застацца з людзьмі. Карная акцыя пачалася 16 лютага 1943г. Айцы Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра добраахвотна разам з людзьмі знаходзіліся ў касцёле і падрыхтоўвалі іх на смерць. На наступны дзень частка людзей была вывезена ў драўляныя будынкі і жыўцом спаленыя. Сярод іх быў і а. Ляшчэвіч. А назаўтра такі самы лёс напаткаў і а.Кашыру. Абодва яны добра ўсведамлялі магчымасць гэткага канца.

Пасляваенныя і сучасныя лёсы марыянаў на Беларусі

4 ліпеня 1944 г. пад час адступлення фашыстаў з усходу на захад друйскі касцёл перацярпеў моцны пажар і быў значна пашкоджаны. Законныя ўлады паслалі туды пробашчам а.Люцыяна Паўліка, які да таго часу быў пробашчам у Ідолце. Разам з законным братам Пятром Дундарам яны ахвярна ўзяліся за адбудову касцёла. У жніўні 1948г. святыня была наноў пасвечана, але ўлады пачалі рэзка выказвацца пра дзейнасць марыянаў у Друі і патрабаваць перадачы ім будынкаў касцёла і кляштара разам з усёй маёмасцю. Нарэшце яны разрабавалі большую частку маёмасці. Менавіта ў той час паўсюль праводзіліся арышты святароў. Быў арыштаваны і а.Паўлік разам з яшчэ адным марыянінам, пробашчам парафіі ў Іказні Браслаўскага раёна Юзафам Францкевічам, які ў той час хаваўся ў сясцёр эўхарыстак у Друі. Абодва пасля суда атрымалі смяротны прысуд, які быў пазней заменены на 25 гадоў побыту ў лагерах. Айцу Паўліку ўдалося вярнуцца з лагеру ў маі 1956 г., а праз год ён атрымаў абавязкі пробашча ў Задарожжы. За 40 гадоў працы ён пашырыў сваю душпастырскую працу яшчэ на 12 іншых парафій. У 1956г. а. Францкевічу таксама пашчасціла вярнуцца з лагеру. Ён прыехаў у Друю, а праз год быў прызначаны пробашчам у в.Далёкія, на Браслаўшчыне. З 1959 г. і ажно да самай смерці ў 1985 г. ён служыў пробашчам у Глыбокім.

Адданай святарскай паслугай праславіўся і яшчэ адзін марыянін, кс. Баляслаў Заяц, які з 1953 г. (да таго яму ўдалося ўнікнуць лагераў) выконваў паслугу пробашча ў Ідолце, дзе і памёр у 1984 г.

Гэтыя тры марыяніны пасля рэпатрыяцыі іншых іхніх братоў на працягу доўгіх гадоў камунізму служылі на Беларусі. У гэтай службе праз увесь час іх падтрымлівалі сёстры эўхарысткі. Праўда, некаторыя святары марыяне з Польшчы патаемна ездзілі на Беларусь, каб хоць нейкі час несці там святарскую паслугу. Калі ж Савецкі Саюз пачаў паволі распадацца і становішча Касцёла на Беларусі пачало таксама выпраўляцца, марыяне з Польшчы пачалі рэгулярна ездзіць на Беларусь. Напрыклад, летам 1989 г. група марыянскіх клерыкаў пад кіраўніцтвам кс. Антонія Лася выехала ў Друю, дзе разам з катэхетычнай працай яны дапамагалі адбудоўваць касцёл і кляштар у Друі, наводзіць парадак у росіцкім Касцёле, а таксама і ў Оршы.

У 1990 г. айцец правінцыял Станіслаў Курляндскі выказаў біскупу Тадэвушу Кандрусевічу, апостальскаму адміністратару на Беларусі, пра гатоўнасць марыянаў служыць Богу на Беларусі, асабліва ў Друі, Ідолце і Росіцы, а таксама ў Барысаве і Оршы З таго часу марыяне польскай правінцыі служылі і надалей служаць у многіх мясцінах і парафіях на Беларусі, што, між іншым, прынесла плён мясцовымі пакліканнямі ў нашую супольнасць.

Вялікі ўклад і значэнне беларускіх марыянаў у Касцёле, перадусім у душпастырстве і грамадска-культурным жыцці, з’яўляецца несумненным. Прыклад друйскага дома, пра які ішла тут гаворка, не адзіны. Ужо ў 1935г. была ўтворана філія дома ў Вільні. Віленскі дом, як планавалася, павінен быў выканаць перадусім вучэбную ролю для беларускіх марыянскіх клерыкаў. Праўда, ён, як і друйскі, быў ліквідаваны ў 1938г., але нават і трох гадоў хапіла дзеля таго, каб ён займеў значнасць сярод адраджэнцкіх беларускіх асяродкаў. Прэфектамі ў гэтым доме былі а.Юры Кашыра і а.Язэп Германовіч. Дом пасылаў таксама сваіх навучэнцаў на вучобу ў Рым. Не магчыма забыць таксама і на агромністы ўклад беларускіх марыянаў ў развіццё ўсходняй місіі ў Манджурыі. Дастаткова прыгадаць, што двое з іх прызначаныя Апостальскай Сталіцай, выконвалі абавязкі апостальскіх адміністратараў для расіянаў усходняга абраду ў годнасці архімандрытаў. Імі былі: айцец Абрантовіч (1928-1939, ён ад самага пачатку арганізоўваў місію ў Харбіне) і айцец Цікота (1939-1948). Абодва яны, нягледзячы на пераслед, засталіся верныя Хрысту і Касцёлу. Першы памёр у маскоўскай Бутырцы ў 1946г., а другі ў 1952г. у сталінскім лагеры. Цяпер гэтыя мучанікі з’яўляюцца кандыдатамі на алтар. У Харбіне служылі і яшчэ некалькі беларускіх марыянаў з Друі і Вільні, сярод іх былі а.Тамаш Падзява і а.Язэп Германовіч. Яны таксама заплацілі за сваю службу зняволеннем у сталінскім ГУЛАГу.

З 1947 г. беларускія марыяне, выхадцы з Друі, распачалі пастырскую службу сярод сваіх суродзічаў у Англіі. Лонданскі «Marian House» хутка стаў беларускім рэлігійным цэнтрам у Вялікабрытаніі і сядзібаю Беларускай каталіцкай місіі, а таксама важным асяродкам нацыянальнай культуры. Значную ролю ў функцыянаванні гэтага асяродка адыгралі біскуп Сіповіч, архімандрыт Леў Гарошка, а.Фелікс Журня. Айцец Сіповіч быў таксама членам Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў і Камісіі Рэформы Кодэкса Усходняга Кананічнага Права; ён браў удзел у працы ІІ Ватыканскага Сабору.

Заслугоўваюць увагі і шырокая пісьменніцкая ды публіцыстычная дзейнасць беларускіх марыянаў, асабліва Германовіча, Сіповіча і Гарошкі. Працы айцоў Сіповіча і Тамаша Падзявы напоўнены прыгожым экуменічным духам, што сведчыць пра шырыню іхніх поглядаў. У апошні час увагі заслугоўвае праца а.Уладзіслава Чарняўскага з беларускай парафіі ў Вішневе, які падрыхтаваў новы беларускі пераклад Святога Пісання і літургічных кніг.

Трэба таксама прыгадаць, што беларускія марыяне пасля высялення іх з Друі, з Вільні, а нарэшце і з Харбіна, ахвотна распачыналі працу у польскіх манаскіх дамах. Яны выконвалі тут ролі як душпастыраў (напр. Дашута і Смулька ў Скурцы), так і выхавацеляў (Хамёнак – духоўны айцец марыянскіх клерыкаў, Антоні Падзява – капелан польскіх скаўтаў). Тым самым яны выконвалі наказ айца Матулевіча, каб нацыянальная праблема не рабіла перашкодаў каталіцкаму духу і хрысціянскай любові, якая пераўзыходзіць нацыянальныя адрозненні і цесны нацыяналізм.

Таму застаецца толькі выказаць пажаданне, каб універсальны прыклад блаславёных айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, а таксама іншых ціхіх марыянскіх мучанікаў, якіх нарадзіла беларуская зямля, былі стымулам адданай працы Pro Christo et Ecclesia не толькі для марыянаў на Беларусі, але і ва ўсіх закутках, дзе жывуць і служаць нашы браты.

Крыштаф Троян МІС