Касцёл ў Сухараве
Айцы Марыяне
Літургія
Чытальная зала
З крыжам на руках
На Вялікім тыдні мы прайшлі Крыжовы шлях: усе разам і кожны асабіста. У малітве, з вялікім крыжам на руках падымаліся ўгару ‒ туды, дзе ўжо стаіць крыж. Здаецца сімвалічным, што ў сухараўскай парафіі ёсць свая Галгофа.
У чым адметнасць гэтага Крыжовага шляху? Які ён – наш, мой і твой Крыжовы шлях?
Гэты Крыжовы шлях быў рахункам сумлення. Усе мы маем сваю ролю, і не адну. Належым да сям’і, да пэўных супольнасцей, маем прафесію, выконвае абавязкі… Чалавек не існуе толькі ў адной плоскасці. Наша жыццё шматмернае і непаўторнае. І чалавечае. А гэта значыць, што хоць і крочым рознымі шляхамі, у розны час і ў розных абставінах, але збіваем ногі аб тыя ж каменні.
14 стацый пакутнага шляху. Кожная прагучала балючым пытаннем: “А ты?..” Вось ад крыжа зыходзяць словы, ад якіх даўно ўжо ўцякаю, адкідаю іх і хаваюся, накідваю на іх цёмнае покрыва… Але яны прагучалі, і ўжо немагчыма адмаўляць існаванне такога прыкрага сцвярджэння: “І я…”
Крыж з бярозавага камля здаваўся аж занадта вялікім, калі нерухома ляжаў ці быў у чыіхсьці руках. Наблізіцца да яго, шчыра кажучы, было страшна: ён такі вялікі, а я такая слабая.
Дзіўна, зблізку ён ужо не такі вялікі, як здаваўся. На імгненне адчуваю цяжар сырога дрэва. Толькі на імгненне, бо чыесьці рукі ўжо падхапілі яго, нібы адчуўшы мой страх. І вось я ўжо спрабую хоць трошкі паднесці крыж, ужо не баюся цяжару, прагну яго, але мне ледзьве ўдаецца не адпусціць яго – столькі людзей побач.
Якім быў Крыж Збаўцы? Такі ж ці большы? А вось гэты крыж, ці вытрымаў бы ёнцяжар чалавечага цела? Гляджу і разумею, што той Крыж быў непараўнальна большы і цяжэйшы. Як жа Ты нёс яго, Пане Езу?
Кожны мой грэх раніць Збаўцу. У канцы будзе прабіта і Яго сэрца – каб адкрыць крыніцу міласэрнасці.
Прайсці Крыжовы шлях па-за сценамі святыні, несучы драўляны крыж, ‒ гэта спосаб парушыць межы звыкласці, выпрабаваць уласную веру і даць сведчанне іншаму чалавеку. Гэта спосаб выйсці з зоны камфорту, адчуць чужыя позіркі, задумацца пра сваю слабаць і ранімасць. Гэта спосаб наблізіцца і па-жывому дакрануцца да таямніцы нашага збаўлення.