Касцёл ў Сухараве
Айцы Марыяне
Літургія
Чытальная зала
Пытаннi i адказы
З 31 сакавіка па 2 красавіка ў нашай парафіі прайшлі велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў а.Аляксандар Жарнасек МІС. Тэмай гэтых духоўных практыкаванняў быў верш з Дзеяў Апосталаў: “Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога” (Дз 2,38).
У першы дзень парафіяне пачулі, чым з’яўляецца пакаянне. Грэх – гэта “пракляцце”. Калі чалавек грашыць, то сам сябе праклінае, бо дазваляе дэману прысутнічаць у сваім жыцці. Немагчыма без пакаяння пайсці ў неба. Грэх “праклінае” чалавека, і толькі Бог можа ўратаваць ад уплыву граху. Чалавек атрымлівае прабачэнне, калі перажывае пакаянне перад Панам.
Пакаяцца – значыць павярнуцца ў адваротны бок ад граху. Але калі чалавек не бачыць мэты, не ведае, куды глядзець і ісці, то зноўку вернецца да граху. Месца ў сэрцы, вызваленае ад граху, належыць Пану – Ён павінен яго заняць. А таму так важна нястомна шукаць Яго і прагнуць сустрэцца з Ім.
У другі дзень рэкалекцыяніст прапанаваў паразважаць над выразам “ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста”. Гэты выраз азначае, што неабходна “акунуцца” ў Асобу Збаўцы: ведаць, што Ён думае і кажа, які прыклад паказвае ў падобных сітуацыях. Дзеля гэтага трэба чытаць Біблію, асабліва Евангелле, якое апісвае жыццё Езуса. Такі шлях дапамагае чалавеку прызнаць аўтарытэт Бога ў сваім жыцці і дзейнічаць згодна з воляй Бога.
У нядзелю, апошні дзень рэкалекцый, айцец Аляксандр распавядаў аб ролі Духа Святога ў жыцці хрысціяніна. Для чалавека Дух Святы з’яўляецца вялікім дарам. Дух Божы мае агромную сілу, якая змяняе асобу не знешне, а ўнутрана. На жаль, многія вернікі не прымаюць Яго, бо прызвычаіліся да ўласнага камфорта і не жадаюць змяняцца. Айцец Аляксандр падзяліўся досведам уласнай перамены, якую прынёс Дух Святы ў ягонае жыццё, аздаравіўшы ад страхаў, якія шмат гадоў перашкаджалі жыць поўным жыццём.
Няхай пачутае Божае слова і ўдзел у велікапосных рэкалекцыях прынясе багаты плён у хрысціянскім жыцці нашай парафіі.