Касцёл ў Сухараве
Айцы Марыяне
Літургія
Чытальная зала
Пытаннi i адказы
13 і 14 лістапада 2015 г. у Жодзіне праходзіла сустрэча міністрантаў, у якой прымалі ўдзел і хлопцы з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава). Пра адметнасць мінулай падзеі і нашы поспехі – у гэтым артыкуле.
Сустрэча міністрантаў, як і належыць кожнай хрысціянскай справе, распачалася ўрачыстай Святой Імшой увечары 13 лістапада.
Першы дзень быў спланаваны так, каб удзельнікі спаткання маглі бліжэй пазнаёміцца, паразмаўляць і правесці разам час. Так, пасля супольнай малітвы хлопцаў чакаў паход у кінатэатр, а таксама смачная вячэра.
Раніца суботы распачалася канферэнцыяй пра міністранцкае служэнне, якую падрыхтаваў брат Павел Федаровіч MIC.
Праграма турніра змяшчала некалькі этапаў, першы з якіх праходзіў у выглядзе заліку па агульных ведах міністрантаў. Пачатак стаў пераможным для нашых хлопцаў – яны занялі I месца, даўшы 14 правільных адказаў з 15.
Наступным этапам стала спаборніцтва па настольным футболе. І нашы хлопцы абаранілі гонар парафіі, заняўшы II месца.
Заключны этап турніра ‒ спаборніцтва па мiнi-футболе ‒ праходзiў у дзвюх катэгорыях – старэйшыя i малодшыя міністранты.
У першай гульні старэйшыя мiнiстранты нашай парафii разграмiлi каманду Жодзiна з лікам 8:1. Дзякуючы добраму пасу i кантакту нашых гульцоў, кожны з iх, акрамя галкiпера брата Паўла, забiў гол. А нападаючы Павел Свiрыда забiў нават 5 мячоў у вароты каманды гаспадароў.
Такiм чынам, MSCBlue-WhitePower 8:1 Жодзiна:Свiрыда (5 галоў), Рагель (1), Баранаў (1), Богдан (1).У другой гульні блакiтна-белыя трымалiся на роўных з камандай Полацка. Але, на жаль, з-за нешматлiкiх памылак нашых мiнiстрантаў у абароне хлопцы з Вiцебскай вобласцi ўсё ж атрымалi перамогу: MSC Blue-WhitePower 2:5 Полацк: Свiрыда (1), Рагель (1).
Далей у барацьбу ўступілі малодшыя мiнiстранты. Традыцыйна мiнскiя малодшыя футбалiсты перамагаюць. Так было i ў гэты раз. MSC Blue-WhitePower не мела неабходнай колькасці гульцоў, таму атрымала па адным футбалiсце з кожнай каманды. Гуляючы нават не сваёй камандай, блакiтна-белыя перамаглi ва ўсiх матчах: MSCBlue-WhitePower 5:1 Барысаў,MSCBlue-WhitePower 5:2 Жодзiна, MSCBlue-WhitePower 4:3 Полацк.
Такім чынам, па суме балаў усіх конкурсаў наша каманда заняла I месца. На поспех працавалі ўсе, максімальна прыкладаючы намаганні. Вясной нас чакае новая сустрэча міністрантаў з марыянскіх парафій, а значыць ‒ і новая магчымасць пазмагацца за I месца.
Аўтары: Павел Куцэнка і Віктар Богдан
Фота: Караліна Бойка