Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Какие улицы относятся к вашей парафии?...»

28 лістапада ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбылося дыяканскае пасвячэнне семінарыста Паўла Федаровіча, які належыць да супольнасці айцоў марыянаў. Пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Дыяканскае пасвячэнне з’яўляецца пацвярджэннем духоўнай асобай свайго выбару і шляху, а таксама паказвае гатоўнасць служыць Богу і людзям, распаўсюджваць Божае слова, удзельнічаць у евангелізацыі, а таксама, як у выпадку Паўла Федаровіча, займацца пашырэннем культу Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай – асноўны абавязак і гонар у харызмаце кангрэгацыі айцоў марыянаў.

Парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе з’яўляецца роднай для дыякана Паўла. Такім чынам, ён мог адчуваць падтрымку сваіх родных і блізкіх, а таксама людзей, сярод якіх узрос і адкрыў сваё пакліканне.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў у гаміліі, што «дыяканат з’яўляецца дарам, але нельга забываць, што адначасова гэта таксама і задача, місія». «Па прыкладу Езуса, як мы чулі ў сённяшнім Евангеллі, які прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, а каб служыць (пар. Мц 20, 28), місія дыякана заключаецца ў тым, каб служыць іншым. Само слова “дыякан” азначае “слуга”. Гэтае служэнне іншым праяўляецца ў нясенні слова Божага, у дапамозе святару пры цэлебрацыі літургіі, а таксама ў паслузе міласэрнасці патрабуючым», – нагадаў іерарх.

Звяртаючыся да семінарыста, біскуп дадаў, што пра тое, «якім чынам, з якім духам і наколькі рупліва» ён будзе выконваць місію дыякана, некалі зможа сказаць толькі ён сам.

«Галоўнае – не бойся! – заклікаў біскуп новага дыякана. – Таму што сваё служэнне ты выконваеш у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння і любові. Служыць азначае аддаваць сябе братам і сёстрам у Хрысце. Аддаваць сябе з Яго пачуццямі, адданасцю і любоўю, пра якія нам сведчыць сённяшняе Евангелле».

«Дай Езусу свае рукі і сваё сэрца, пазыч Яму свае вусны для абвяшчэння Евангелля, якое заўсёды прыносіць вясну духоўнага абнаўлення. Май чыстае сэрца і чысты позірк, тады будзеш мець шмат добрых сяброў. Дай іншым Хрыста, а тады ўсё астатняе табе як законніку будзе лягчэй раздаваць іншым. Палюбі Божае слова!» – заахвоціў семінарыста іерарх.

Таксама біскуп параіў новаму дыякану «вышэй за ўсё, у самым цэнтры свайго жыцця» паставіць «стварэнне асабістай і глыбокай еднасці з Богам»: дбаць «пра асабістую малітву, медытацыю, Літургію гадзінаў, Эўхарыстыю, успамінаючы словы Езуса: “без Мяне нічога не можаце зрабіць” (Ян 15, 5)».

Дыякан павінен служыць і Богу, і людзям, быць прыкладам веры і паслухмянасці, сведкам Езуса. Паколькі пайсці за Езусам – не вельмі просты шлях для некаторых людей, дыяканскаe пасвячэнне з’яўляецца рашучым крокам у жыцці чалавека. Таму вернікі жадаюць новаму дыякану ўзрастаць у веры і быць для людзей сапраўдным прыкладам веры і паслухмянасці Богу.

 

Фотарэпартаж на catholic.by

(AG)

catholic.by