Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Стою на дороге и не знаю куда пойти: в церковь или в костел? Ни разу не была ни там ни там. От боли в душе не знаю, куда деться. Как зайти, когда ...»

Адвэнт – час духоўнага ўдасканалення.

Дарагія браты і сёстры!

 

1. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам распачаць новы літургічны год, які з волі Святога Айца Францішка ў Касцёле мы будзем адзначаць як Год міласэрнасці.

Ён пачнецца 8 снежня 2015 г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 50-ю гадавіну завяршэння Другога Ватыканскага Сабору. Паводле пастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў межах падрыхтоўкі да Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Марыі, наступны год прысвячаецца надзеі. Маючы на ўвазе Год міласэрнасці і Год надзеі, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выбрала на гэты час дэвіз «Надзея ў Божай міласэрнасці».

 

2. Новы літургічны год пачынаецца Адвэнтам, які з’яўляецца часам непасрэднай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння і гарманічна ўліваецца ў другі Адвэнт, калі мы чакаем другога прыйсця Хрыста ў славе.

Чалавецтва доўгія тысячагоддзі з надзеяй чакала прыйсця Збаўцы. Бог пасылаў яму сваіх прарокаў з той мэтай, каб падрыхтаваць Божы народ да прыйсця Пана. У гэтай чарзе Богам выбраных і натхнёных людзей апошнім апынуўся святы Ян Хрысціцель. Менавіта яму Бог даручыў асаблівае заданне – непасрэдна падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу (пар. Мк 1, 2-3). Святы Ян Хрысціцель з’яўляецца прадстаўніком як Старога, так і Новага Запаветаў і злучае іх у сваёй асобе як таго, хто рыхтаваў шлях прыходзячаму Пану (пар. Мк 1, 2-7) і таго, хто Яго паказаў людзям падчас хросту ў Ярдане (пар. Ян 1, 29-31).

Будучы выбраным Богам для такога адказнага задання, якім ёсць непасрэдная падрыхтоўка людзей да прыйсця ў свет Збаўцы, святы Ян Хрысціцель гэтым самым стаўся ўвасабленнем надзеі на тое, што завяршаецца час чакання і наступае час збаўлення. І той, хто яму паверыў, не падмануўся.

 

3. Святы Ян Хрысціцель сумленна выканаў даручанае яму заданне, будучы голасам клічучага ў пустыні (пар. Мц 3, 3).

З таго часу мінула 2 тысячы гадоў. Евангелле абвяшчаецца на ўсіх кантынентах, хаця яшчэ дзве трэці чалавецтва яго не ведае. Таму ў свеце яшчэ ёсць так шмат сэрцаў, якія не пазналі Добрай Навіны і чакаюць яе.

Да гэтай праблемы ў апошнія часы далучылася яшчэ адна. Многія краіны свету і нават цэлыя кантыненты, якія маюць вельмі багатую хрысціянскую гісторыю і традыцыі, адышлі ад Бога і жывуць так, як быццам Ён не існуе. Многія хрысціяне пакідаюць сваю веру дома ці ў касцёле і кажуць, што ў штодзённым жыцці – на працы, на вуліцы, ва ўніверсітэце, у краме, мас-медыя і г.д. – яна не абавязвае, бо ўсе жывуць інакш. У выніку чаго сучасны свет ператвараецца ў духоўную пустыню і сёння місія святога Яна Хрысціцеля з’яўляецца не менш актуальнай, чым гэта было 2 тысячы гадоў таму. З гэтай прычын Касцёл няспынна прамаўляе праз Папу, біскупаў, прэзбітэраў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, бо перад абліччам сучасных выклікаў усе пакліканы да евангелізацыі і падрыхтоўкі дарогі Пану, які прыходзіць.

 

4. Колькасць гэтых выклікаў не памяншаецца, але з кожным днём расце, і яны становяцца ўсё больш небяспечнымі.

Некаторыя з іх падобныя да тых, якія былі ў часы св. Яна Хрысціцеля, іншыя ж з’явіліся ў выніку сучаснай секулярнай культуры.

Святы Ян Хрысціцель дакараў караля Ірада за тое, што той узяў сабе жонку свайго брата Ірадыяду (пар. Ян 14, 4). Гэтым самым ён зняважыў устаноўлены Богам інстытут сям’і. У сучаснай секулярнай культуры з яе ідэалогіяй лібералізму інстытут сям’і, як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай працягу патомства і яго выхавання, перажывае нябачны дасюль крызіс. Пошукам шляхоў вырашэння гэтага крызісу быў прысвечаны Сінод Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце», які праходзіў у Ватыкане 4-25 кастрычніка гг.

Хваля разводаў і сужэнскай нявернасці залівае свет. У Беларусі іх колькасць дасягае паловы. Гэта праблема не толькі разведзеных мужа і жонкі, але і нявінных дзяцей, якіх пры жывых бацьках застаюцца як быццам сіротамі і якіх выхоўваюць не бацькі, але вуліца. Найчасцей развод апраўдваецца імкненнем да свабоды, маўляў, жыву з тым, з кім хачу. Але не можа быць сапраўднай свабоды без адказнасці. Сужэнцы пры алтары, перад Богам, абяцаюць адно аднаму вернасць аж да смерці і выхаванне патомства, а потым забываюцца аб гэтым, што і вядзе да трагедыі.

Змяняецца таксама і паняцце сям’і. Замест таго, каб з Божага ўстанаўлення быць гетэрасексуальнай, гэта азначае складацца з мужчыны і жанчыны, яна ўсё часцей, з чалавечага ўстанаўлення, становіцца гомасексуальнай – складаецца з двух мужчын або дзвюх жанчын. Зразумела, што Касцёл, як вартаўнік веры, не можа такі саюз прызнаць сям’ёй. Тым не менш парламенты многіх краін свету, у тым ліку палова краін Еўрасаюзу, прызналі ім усе правы нармальнай сям’і. Гэтым самым заканадаўства вядзе на шлях Садомы і Гаморы (Быц 19, 24-25).

Усё часцей з’яўляюцца так званыя сужэнствы на пробу: маўляў, пажывём – паглядзім. Многія жывуць без дзяржаўнай рэгістрацыі шлюбу, не кажучы ўжо пра касцёльны.

Усё часцей у сучасных сем’ях праяўляюцца насілле, алкагалізм і наркаманія.

Усё большай праблемай становіцца перадача і захаванне найбольш каштоўнага Божага дару, якім з’яўляецца дар жыцця. З Божай волі гэты дар перадаецца праз акт сужэнскай любові. Амаральнае выкарыстанне новых дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі, і сучасных медыцынскіх тэхналогій вядзе да маніпуляцый і штучнага апладнення, што супярэчыць Божаму закону.

Ніхто не пярэчыць, што бясплоднасць – вялікая трагедыя. Аднак штучнае апладненне не з’яўляецца лячэннем хваробы, бо яна застаецца. Акрамя гэтага, клінікі, якія займаюцца такой практыкай, выкарыстоўваюць яе ў мэтах бізнесу. Вялікай маральнай праблемай з’яўляецца і тое, што пры выкарыстанні гэтага метаду шмат зародкаў проста гіне. А кожны з нас калісьці быў зародкам. Таму знішчэнне зародкаў – гэта забіццё новага жыцця. У той жа час вядома, што апошнія дасягненні навукі дазваляюць выкарыстанне напратэхналогій для лячэння бясподнасці.

У апошнія часы ўсё больш прапагандуецца гендэрная ідэалогія, паводле якой розніца паміж мужчынамі і жанчынамі не з’яўляецца чымсьці трывалым і біялагічна акрэсленым, але вынікае з культурнага кантэксту. Паводле ідэалогіі гэндэрызму, чалавек не нараджаецца мужчынам ці жанчынай, але яго робіць такім культурнае асяроддзе, у якім ён жыве. Паводле яе чалавечы пол неабходна злучаць больш з культурай, чым з біялогіяй. У той жа час мы ведаем, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну (пар. Быц 1, 27). Таму, паводле гендэрнай ідэалогіі, дзіця, калі вырасце, само вырашыць, кім быць – мужчынам ці жанчынай. І гэта не жарт, але новы напрамак выхавання гендэрнага пакалення.

А колькі праблем вынікае з незахоўвання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці! Выкарыстаная нязгодна з маральнымі прынцыпамі, добрая па сваёй сутнасці і патрэбная для развіцця сусветнай эканомікі глабалізацыя вядзе да яшчэ большага ўзбагачэння багатых і да абяздолення бедных.

На існуючыя ў свеце праблемы экалогіі звярнуў увагу Святы Айцец Францішак у сваёй апошняй энцыкліцы «Laudato sì» – «Будзь праслаўлены». Богам створаны свет, наша планета ў выніку варварскай эксплуатацыі яе прыродных рэсурсаў задыхаецца і памірае, і таму патрабуе экалагічнага навяртання і прыняцця эфектыўных рашэнняў для яе захавання нашчадкам (пар. LS 2. 5.15).

Нявырашанай застаецца праблема лакальных войнаў, якія вядуцца на многіх кантынентах і пагражаюць ператварыцца ў новую сусветную вайну. Тэрарызм з’яўляецца сапраўдным бічом сучаснага свету, пагражае яго стабільнасці, становіцца прычынай усё большай колькасці бежанцаў. Беднасць і беспрацоўе становяцца прычынай нарастаючай і часам нават некантраляванай міграцыі. Праблема бежанцаў і міграцыі стала адной з найбольшых балючых сучаснага свету, што нават развітыя і багатыя краіны, асабліва Еўропа, не могуць яе вырашыць. Да гэтага далучаюцца канфлікты на рэлігійнай глебе, асабліва паміж хрысціянскімі і нехрысціянскімі веравызнаннямі. У выніку чаго хрысціянства ізноў стала найбольш пераследаванай рэлігіяй у свеце. Усё гэта вядзе да канфлікту цывілізацый і культур.

Сучасныя медыя ўсё больш і больш прапагандуюць свецкі і нават амаральны стыль жыцця, што вельмі негатыўна ўплывае на выхаванне моладзі.

Калі да гэтага дададзім імкненне да паслаблення Божага закону і нават яго адмены, прыняцце многімі краінамі свету нязгодных з Божым правам законаў, пандэмію нашага часу СНІД, наркаманію, алкагалізм, карупцыю, залежнасць ад азартных гульняў, камп’ютарную залежнасць і г.д., то сапраўды здаецца, што мы ізноў апынуліся ў духоўнай пустыні.

 

5. Заблукаўшы ў пустыні, чалавек практычна не мае ніякага шанцу выйсці з яе самому без чыёйсьці дапамогі.

Няма ежы і вады, невядома, у якім напрамку ісці, днём спякота, а ўначы холад.

Падобна і з чалавекам, які знаходзіцца ў духоўнай пустыні, калі ён не карыстаецца з дапамогі, якую яму прапануе Касцёл.

Як штогод, Касцёл у Адвэнт арганізуе адпаведную пастырскую праграму, каб дапамагчы чалавеку выправіць сваё жыццё, засыпаць даліны грахоў, зраўняць горы ганарлівасці, выпраставаць крывыя дарогі жыцця і такім чынам падрыхтавацца да прыйсця Збаўцы. У гэтай праграме ёсць адвэнтавыя рэкалекцыі, пакутныя набажэнствы, традыцыйныя Рараты, спецыяльныя малітоўныя сустрэчы, чуванне моладзі і т.п.

У Адвэнт Касцёл звяртае нашу ўвагу на Беззаганна Зачатую Панну Марыю, каб мы з Яе бралі прыклад і заўсёды згаджаліся з Божай воляй. У Адвэнт таксама пачнецца Год Міласэрнасці. І гэта вельмі сімвалічна. Першы гістарычны Адвэнт і Адвэнт, які мы перажываем, – гэта не што іншае, як знак бязмежнай Божай міласэрнасці. Першы Адвэнт завяршыўся нараджэннем Збаўцы. Бог стаў чалавекам для таго, каб сваёй крыжовай смерцю, якая з’яўляецца найвышэйшым праяўленнем Яго любові да чалавецтва, збавіць нас. Цяпер, падчас другога Адвэнту, Хрыстус праз свой Касцёл клапоціцца пра нас, каб мы не заблукалі, а калі так станецца, то выводзіць нас з духоўнай пустыні ў краіну жыцця ў Божай ласцы.

 

6. Далёка не ўсе людзі паслухалі заклік святога Яна Хрысціцеля падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу.

У выніку чаго многія Яго не прынялі, хаця Ён і прыйшоў да сваіх (пар. Ян 1, 11).

А як ёсць з намі? На гэтае пытанне мы павінны адказаць у гэты час ласкі і збаўлення; адказаць, не адкладваючы на будучыню, бо яе можа не быць. Неабходна памятаць аб тым, што заўтра пачынаецца сёння і таму трэба выкарыстаць такую магчымасць, каб заўтрашні дзень сапраўды быў днём ласкі.

 

7. Так ужо ёсць у сучаснай культуры, што вельмі часта Адвэнт мы перажываем у клопатах аб падарунках і таму шмат часу губляем на пакупкі і не маем яго на адвэнтавыя рэкалекцыі, малітву, споведзь.

Традыцыйна мы адорваем адзін аднаго падарункамі на святы. Асабліва на Божае Нараджэнне іх чакаюць дзеці. Аднак клопат пра падарункі і святочны шопінг, які ў апошнія часы пачынаецца задоўга да Божага Нараджэння, не могуць засланіць духоўнай падрыхтоўкі.

У англамоўных краінах у Адвэнт можна ўбачыць на вялікіх гандлёвых цэнтрах надпісы «Destination – Christmas» – «Напрамак – Божае Нараджэнне». Але на гэтым напрамку няма нічога духоўнага, толькі матэрыяльнае і бізнес. Гэта не той шлях, якім мы павінны ісці ў Адвэнт. У нас павінен быць іншы, духоўны напрамак да святаў Божага Нараджэння, бо толькі тады яны будуць мець сэнс. Дарога да святаў Нараджэння Хрыста павінна прывесці да нараджэння Езуса сваёй ласкай у нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам нашага часу.

 

8. Дарагія браты і сёстры!

Адвэнт, які пачынаецца, не можа быць толькі чарговай фармальнасцю, але павінен стаць новым этапам нашага духоўнага ўдасканалення і падрыхтоўкі як да святаў Божага Нараджэння, так і да другога прыйсця Хрыста. Для нас, хрысціян, недастаткова толькі памятаць аб Нараджэнні Божага Сына ў Бэтлееме больш за 2 тысячы гадоў таму. Сваёй ласкай Ён павінен пасяліцца ў нашых душах, каб іх перамяняць і ўдасканальваць.

Няхай на гэтым шляху спадарожнічае нам Беззаганна Зачатая Марыя – Адвэнтавая Валадарка, як прыклад у нашым жыцці.

 

Давяраючы ўсіх вас Яе заступніцтву і апецы, на час перажывання Адвэнту ў духу духоўнага ўдасканалення да спаткання з Хрыстом ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 лістапада 2015 г.
Успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Францішак. Энцыкліка «Laudato Si’» (LS).

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у першую нядзелю Адвэнту, 29 лістапада 2015 г.

catholic.by