Касцёл ў Сухараве
Айцы Марыяне
Літургія
Чытальная зала
Пытаннi i адказы
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
дарагія вернікі Беларусі!
Усе мы добра ведаем які крызіс перажывае сучасная сям’я. Дэвальвуецца само яе паняцце, як Богам устаноўленага адзінага і неразрыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця і ўзаемадапамогі, а таксама для прадаўжэння патомства і яго выхавання.
Замест гэтага ўсё часцей заканадаўча дазваляюцца гомасексуальныя саюзы і нават з правам усынаўлення. Павялічваецца колькасць разводаў, што з’яўлецца трагедыяй не толькі для сужэнцаў, але і для дзяцей, якія пры жывых бацьках становяцца як быццам сіротамі. Многія жывуць разам без касцёльнага благаслаўлення і нават дзяржаўнай рэгістрацыі.
Найбольш каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, становіцца таварам, які можна купіць і прадаць. Амаральнае выкарыстанне дасягненняў навукі ў галіне генетыкі дазваляе ім маніпуляваць. Аб гэтым вельмі добра сведчыць пашыраючаяся практыка штучнага запладнення (invitro), тым ліку і ў нашай краіне, якая супярэчыць Божаму закону і з’яўляецца адным з цяжкіх грахоў.
Сацыяльна-культурны кантэкст сучаснасці, а менавіта, антрапалагічныя змены ва ўспрыяцці Евангелля і вучэння Касцёла адносна сям’і, супярэчнасці сучаснай культуры, у якой усё больш дамінуюць сэкулярныя тэндэнцыі, сацыяльныя праблемы, экалагічныя выклікі і нярэдка адсутнасць пра сямейнай палітыкі, негатыўна ўплываюць як на саму сям’ю, так і на выхаванне маладога пакалення. У выніку чаго, сям’я не можа паспяхова выконваць функцыі падмурка грамадства, крыніцы жыцця і школы хрысціянскага выхавання.
Замест таго, каб быць супольнасцю любові і салідарнасці (пар. СПС, Уступ), становіцца інтэрнатам, дзе члены сям’і, займаючыся выключна сваімі справамі, мала маюць супольнага паміж сабой.
Усё гэта нагадвае аб тым, што сучасная сям’я з’яўляецца вельмі хворай і аздаравіць яе можа толькі Бог. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць. Калі фарысеі спыталі Езуса ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай, бо Майсей дазволіў. На што Езус адказаў, так, дазволіў з-за жорсткасці вашых сэрцаў, але на пачатку так не было. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
На грэцкай мове слова “жорсткі” азначае “склератычны”. Мы ведаем, якой цяжкай хваробай з’яўляецца скляроз. Яго практычна нельга вылечыць, але можна прадухіліць. З Божай дапамогай таксама можна прадухіліць і крызіс сям’і.
Зважаючы на крызіс, які перажывае сучасная сям’я, Святы Айцец Францішак склікае чарговы Сінод Біскупаў на тэму: “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”, які адбудзецца ў Ватыкане 4-25 кастрычніка г.г. Маючы на ўвазе вельмі вялікае значэння гэтага сусветнага форуму біскупаў, заклікаю ўсіх да малітвы ў яго інтэнцыі.
Для гэтага, адпаведна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ружанцовая малітва ў кастрычніку ахвяруецца ў інтэнцыі Сіноду. Таксама сайт catholic.by штодзённа на працягу кастрычніка будзе прадстаўляць катэхезы на тэму сям’і і разважанні да малітвы ружанца, звязаныя з тэматыкай сям’і.
“Чувайце и маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое ”(Мц 26, 41) – заклікае Езус.
Няхай Міласэрны Бог, праз заступніцтва Святой Сям’і – Езуса, Марыі і Юзафа, прыме нашыя малітвы, каб Сінод Біскупаў знайшоў шляхі аздараўлення сям’і з ахапіўшага яе крызісу і яна сапраўды надалей была падмуркам грамадства, першым месцам гуманізацыі асобы і грамадства, а таксама калыскай жыцця і любові (пар. ChL 40), хатнім Касцёлам (пар. FC48), супольнасцю любові і салідарнасці (пар. СПС, Уступ), месцам цэласнага выхавання маладога пакалення (пар. КСВК 242), радасцю і надзеяй свету (пар. GS 1).
З благаслаўленнем
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі