Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Маёй маме 84 гады. Цi магу я, яе дачка, быць "бежмаванаю мацi" для яе пры бежмаваннi?...»

З 4 па 10 жнiўня ў Рыме прайшло Сусветнае спатканне ўдзельнікаў Эўхарыстычнага Руху Маладых (ЭРМ).

 

Сёлета ЭРМу споўнiлася 100 год. Каб адзначыць юбiлей, у Вечны Горад з усiх кантынентаў прыехалi тысячы маладых людзей. Нашу краiну на гэтай сустрэчы прадстаўляла моладзь з парафii Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Мiнск, Сухарава). Тэмай спаткання паслужылі словы з Евангелля паводле св. Яна: «Каб радасць Мая была ў вас» (Ян 15:11). 

 

Духоўнай радасцю, да якой заклiкае евангелiст Ян, было напоўнена ўсё, што адбывалася ў гэтыя днi: Святыя Лiтургіі, канферэнцыi, спатканнi ў групах, экскурсіі i сумесны адпачынак. Але асаблiва радаснай i незабыўнай сталася прыватная аўдыенцыя ў Папы Францiшка, якi, адказваючы на пытанні маладых людзей, неаднойчы звярнуў увагу на важнасць дыялогу ў вырашэнi канфлiктаў, што ўзнiкаюць у нашых сем’ях, грамадстве, памiж народамi. а. Аляксандр Шамрыцкі

 

Удзельнiкi спаткання пакiнулi Рым з мноствам пазiтыўных уражанняў.

 

Падчас нашае пілігрымкі больш за ўсё мяне ўразіла тое, што на спатканне ЭРМ прыехалі людзі з усёй планеты. Жыхары розных краін і нават розных кантынентаў, мы ўсе былі вельмі розныя. Мы адрозніваліся колерам скуры, менталітэтам, паводзінамі, але ў той жа час нас аб’ядноўвала наша вера, разуменне таго, што мы – адна вялікая сям’я дзяцей Божых. Усе размаўлялі на розных мовах, але ў нас з лёгкасцю атрымлівалася камунікаваць адзін з адным, удзельнічаць у канферэнцыях.

 

Падчас аўдыенцыі Папа Францішак разважаў на тэму розных канфліктаў – ад канфліктаў сямейных да агульнасусветных. Я зразумела, што галоўнае ‒ быць заўсёды ў еднасці са сваёй сям’ёй, сваімі роднымі і Езусам. Алеся Хрышчановіч

 

За гэтыя некалькі дзён я змагла больш пазнаць Бога, атрымліваць радасць ад сустрэчы з Iм у Эўхарыстыі, навучылася дзяліцца тым, што маю, з бліжнімі, атрымала шмат цікавых успамінаў, пазнаёмілася з мноствам людзей, паслухала пра іх шлях з Богам. Цяжкiя моманты былi амаль незаўважальнымi побач з радаснымі, а можа нават дапамаглi адчуць, што гэта не адпачынак, а час, якi мы прысвяцiлi Богу. На канферэнцыях i сустрэчы з Папам Францiшкам я атрымала адказы на пытаннi, якiя даўно мяне цiкавiлi. Я вельмі радая, што змагла прысвяціць час Богу разам з гэтымі людзьмі. Паліна Александровіч

 

Езус яднае УСІХ! Нас было вельмі шмат, і мы ўсё рабілі разам: елі аднолькавую ежу, крычалі, танчылі, усміхаліся, прымалі адну Эўхарыстыю. Я не адчувала дыскамфорту, напружанасці. Наадварот, мяне ўразіла радаснае адчуванне сям’і. Напрыклад, мы размаўлялі з дзяўчынай з ЗША, і яна шчыра запрашала нас наведацца да іх, нават калі нам проста захочацца з’есці марожанага. Сапраўды, у ЭРМе ўсюды адчуваеш сябе як у сям’і. Дасведчыла, што мы вельмі падобныя паміж сабой. Ведаеце, на плошчы Святога Пятра было 46 градусаў, але нягледзячы на спёку было так весела і радасна махаць нашымі сцягамі! Хвала Пану! Марыя Гідлеўская