Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Маёй маме 84 гады. Цi магу я, яе дачка, быць "бежмаванаю мацi" для яе пры бежмаваннi?...»

Пілігрымка… Што гэта такое? Падарожжа па святых месцах? Чым адрозніваецца пілігрымка ад турыстычнага наведвання святыні? І ці вернік-турыст ёсць пілігрымам?

 

Напэўна, пілігрым выпраўляецца ў дарогу, каб шукаць Бога. Ён напаўняецца адвагай пакінуць сваю зону камфорту, свае звычкі. Загадзя згаджаецца з цяжкасцямі, якія сустрэне на шляху. Ён бярэ з сабой толькі самае неабходнае ‒ яму хопіць цяжару і без лішніх рэчаў. І пакуль зробіць першы крок, пілігрым просіць Бога абудзіць яго сэрца і розум.

 

Пілігрым не наведвае святыню. Ён ідзе да святыні ‒ месца аб’яўлення Божай моцы. І ідзе дарогай, якуюі паказваюць яму святыя. Менавіта яны сведчаць, што шлях пілігрыма не ёсць містыфікацыяй ці чыстым сімвалам. Гэты шлях рэальны, і прайсці яго можа чалавек, які шукае Бога і давярае Яму.
Мы выправіліся ў пілігрымку ‒ шлях да Бога па слядах святых. І адначасова мы ехалі ў госці, туды, дзе нас чакалі і дзе нам радаваліся. Але пра ўсё па парадку.

 

Якія мы?

Якое азначэнне найбольш падыходзіць нашай пілігрымцы? Напэўна, сямейная. Сярод нас былі дзеці, іх бацькі, дзядулі і бабулі, а таксама людзі з вялікай сям’і ‒ парафіі. Гэтае азначэнне тым больш справядлівае, бо на чале нашай супольнасці былі айцец Аляксандр і сястра Часлава.

Нас было бачна і чутна здалёк: самыя юныя ‒ трохгадовыя ‒ пілігрымы радаваліся, што сустрэлі сваіх сяброў, што разам з бацькамі едуць у падарожжа. Раз за разам падбягалі павітацца за руку з айцом Аляксандрам ды абняць сястру Чаславу.

 

Здавалася, гэта не яны выпраўляюцца насустрач прыгодам, але прыгоды самі прыходзяць да іх ‒ так вольна і бесклапотна адчувалі сябе малыя жэўжыкі.

 

Паважаныя дарослыя! Не бойцеся падарожнічаць з маленькімі дзецьмі! Паверце, чым больш іх збіраецца ў адным месцы, тым лепш. Тады ў іх проста няма часу на слёзы і капрызы, бо кожную хвіліну яны імкнуцца быць з сябрамі, каб не прапусціць нешта важнае.

 

Яны будуць разам лічыць ліхтары, збіраць божых каровак, разглядаць звычайныя каменьчыкі… А яшчэ будуць расказваць адно аднаму пра фантастычныя з’явы і рэчы, якія імгненне назад нібы бачылі за вакном.

 

Ніколі раней я не чула такога цудоўнага “Аллелюя”, як у выкананні нашых маленькіх пілігрымаў. Яны спявалі і разам з дарослымі, і паасобку. Спявалі радасна, якім і павінен быць гэты спеў.

 

Ліхэнь

Першая святыня на нашым шляху ‒ санктуарый Маці Божай Ліхэньскай, якім апякуюцца айцы марыяне.
Ёсць на зямлі месцы, пра якія кажуць: “Лепш адзін раз убачыць”. І гэта справядліва ў дачыненні да Ліхэня.

У нас была асаблівая дамова з нябесная канцылярыяй, і мы цешыліся блакітным небам без аніводнай аблачынкі. Санктуарый нас прывітаў урачыстым ‒ неверагодным! ‒ ззяннем. Мне і зараз здаецца, што тое святло не было адлюстраваннем сонечных промняў, але выходзіла з яго самога.

 

Ліхэнь ‒ унікальнае месца. Можна стварыць цэлае выданне, прысвечанае адметнасцям архітэктуры, мастацкай аздобы, ландшафтнага дызайна... Але мне хочацца падзяліцца сваімі перажываннямі. Штогод тысячы пілігрымаў прыбываюць у Ліхэнь зусім не дзеля яго вонкавай прыгажосці.

 

Тут неяк востра адчуваеш, што знешняе хараство ёсць увасабленнем хараства духоўнага. Сюды трэба прыехаць хоць на некалькі дзён: пакінуць за брамай мітусню, раптам адчуць сябе такім маленькім і такім чаканым у гэтым месцы, удыхнуць супакою, разлітага ў паветры, і прынесці сваё сэрцы з усімі яго клопатамі, трывогамі, надзеямі да Маці Божай.

 

Напэўна, так сюды ідуць пілігрымы. Можа таму здаецца, што і велічны храм, і кожны каменьчык на Галгофе, і кожная сцежка ў парку хоць і створаны чалавекам, але трымаюцца на малітве.

 

 

Невялічкі абраз Маці Божай Ліхэньскай. Больш за дзвесце гадоў таму Найсвяцейшая Панна пачула просьбу параненага жаўнера і выпрасіла для яго ласку выратавання. А ён знайшоў абраз з выявай Багародзіцы ‒ такой Яна аб’явілася яму. Святая Марыя і сёння чуе голас душы і заступаецца за нас. Мы таксама атрымалі гэтую асаблівую ласку ‒ даручыць свае інтэнцыі Маці Божай Ліхэньскай.

 

Яшчэ адзін вельмі цёплы ўспамін з санктуарыя ‒ кароценькая сустрэча з айцом марыянінам, які адзначаў 50-годдзе свайго святарства. Чалавек паўстагоддзя ішоў няпростым шляхам, але сёння на яго твары супакой і добрая ўсмешка. У такія хвіліны хочацца асабліва дзякаваць Богу.

На Святую Імшу сабраліся ў капліцы благаслаўлёнага Станіслава Папчынскага ‒ заснавальніка ордэна айцоў марыянаў. Гэта была першая Святая Імша ў нашай пілігрымцы.

 

Пневы

Прызнаюся: найбольш я чакала гэтага моманту ‒ прыехаць у сапраўдны кляштар да сапраўдных сясцёр і застацца з імі аж на некалькі дзён. Прывабна і боязна адначасова. На жаль, мой уласны свет поўніцца памылкамі і стэрэатыпамі. І зараз я ведаю: каб пазбавіцца іх, трэба ехаць да ўршулянак.

Дзень згасаў, а мы яшчэ былі ў дарозе. Сястра Часлава сказала словы (ужо не першы раз!), якія здаваліся мне незразумелымі: “Хутка будзем дома”. Пазней я ўсвядоміла: дом ‒ гэта не звыклыя сцены, але месца, дзе цябе чакаюць. Нас чакалі.

 

Мы прыбылі ў Пневы напярэдадні дня нараджэння святой Уршулі Ледухоўскай. Менавіта тут у капліцы знаходзіцца цела святой, непадуладнае знішчэнню. І менавіта тут нам выпала вялікая ласка маліцца падчас Святой Імшы і складаць свае інтэнцыі, просячы асаблівага заступніцтва святой Уршулі. Але гэта было ўжо на наступны дзень. Спачатку ж мы прыйшлі павітацца з гаспадыняй ‒ ад гэтага часу мы былі ў яе гасцінным доме.

 

Паколькі мне вельмі хацелася ў кляштар, у цэнтры маёй увагі былі сёстры. Падзялюся сваімі назіраннямі. Галоўная адметнасць сястры-ўршулянкі ‒ яе ўсмешка. Яны ўсміхаюцца так, нібы абдымаюць цэлы свет! Яны здольныя падарыць радасць позіркам, словам, простым жэстам.

 

 

З якой далікатнай увагай яны ставяцца да зусім незнаёмых людзей! У першы ж дзень адна з сясцёр спыталася ў мяне, як па-беларуску гучаць некаторыя словы. Ці трэба казаць, наколькі гэта было прыемна?

 

Адкрыццём першага дня ў Пневах стала супольная малітва падчас вячэры ‒ ёй нас навучылі нашы маленькія пілігрымы.
Наступны дзень быў старанна спланаваны, а таму вельмі насычаны. У кляштары знаходзіцца незвычайны музей, прысвечаны жыццю і дзейнасці святой Уршулі Ледухоўскай.

 

Ён змяшчае мноства фотаздымкаў, у тым ліку сямейных, а таксама рэчы маці-заснавальніцы. Тут узгадаю пра манахіню з неверагодным талентам апавядальніка ‒ сястру Антаніну.

 

Яна расказвала пра святую Уршулю так, як расказваюць пра вельмі дарагога, блізкага чалавека. А як уважліва яе слухалі нашы дзеці!

 

Святая Уршуля амаль няспынна была ў дарозе, ёй давялося пабываць у многіх краінах. Працягам яе працы сёння ёсць дзейнасць сясцёр-уршулянак у розных частках свету. Пра геаграфію служэння ўршулянак сведчыць асобная выстава: тут сабраны аўтэнтычныя рэчы, характэрныя для пэўнай краіны і пэўнага часу.

 

Калі будзеце ў гэтым музеі, абавязкова звярніце ўвагу на крыж, зроблены з хлеба і аздоблены саломай, ‒ ён створаны ў канцлагеры Дахау.

 

Хтосьці з вязняў у прамым сэнсе ператварыў тое нямногае, што меў, у крыж ‒ сімвал збаўлення. Варта ўбачыць і запомніць той крыж, каб не заблытацца, што сапраўды мае значэнне ў чалавечым жыцці.

 

 

 

У працяг тэмы. Раскажу колькі слоў пра могілкі сясцёр. Празнаюся, я настолькі прывыкла бачыць грандыёзныя помнікі, што ў першую хвіліну задалася пытаннем: што не так?

 

 

Тут усё было ў парадку. Над простымі магіламі ўзвышаюцца толькі простыя драўляныя крыжы. Аднолькавыя, з кароценькім запісам пра імя, гады жыцця і часу ў законе.

 

 

Так сціпла не таму, што шкада грошай на “прыстойны” помнік, але таму, што душы ён не патрэбен, а целу ‒ тым больш. Могілкі не могуць быць месцам пыхі.

  

 

 Сваю любоў да спачылых сясцёр уршулянкі выказваюць вельмі прыгожа: з ранняй вясны да позняй восені могілкі патанаюць у кветках. Вось любоў ‒ у няспыннай працы і нястомнай малітве.

 

  

  

Вядома, што ўршулянкі асаблівую ўвагу надаюць выхаванню і адукацыі дзяцей. Нашы маленькія пілігрымы з’яўляюцца выхаванцамі каталіцкага дзіцячага садка, які дзейнічае пад апекай сясцёр. У Пневах жа для дзяцей працуюць садок і школа.

 

 

 

Шчыра кажучы, многім з нас захацелася вярнуцца ў дзяцінства і застацца тут.Ці добра там ‒ першымі даведаліся нашы дзеці, калі пайшлі пазнаёміцца з мясцовымі выхаванцамі.

 

А пасля, натхнёныя іх шчабятаннем і падбадзёраныя прынесеным пачастункам, адважыліся паглядзець дарослыя. Манахіні-педагогі з радасцю паказвалі свае “валоданні”, дзяліліся дасягненнямі і цяжкасцямі, планамі і надзеямі.

 

Серадз

Развітаўшыся з аднымі ўршулянкамі (яны паспелі ўжо стаць нам блізкімі!), мы выправіліся да іншых. Дом сясцёр у Серадзу знаходзіцца ў сярэднявечным будынку былога дамініканскага кляштара. У гэтага месца багатая і складаная гісторыя, якой можна прысвяціць асобны аповяд. Я ж толькі зазначу: калі захочаце ўбачыць сапраўдныя фрэскі XIII стагоддзя ‒ калі ласка да сясцёр.

Пра адметнасці кляштарнага комплекса не кажу спецыяльна. Ёсць у Серадзу нашмат больш вартае ўвагі ‒ дом дапамогі для цяжка хворых дзяцей. Трэба прызнацца, мы вельмі неахвотна звяртаем увагу на чужы боль.

 

Ад гэтага ў свеце болю не становіцца менш, але затое мы зусім не ведаем, як рэагаваць на чыёсьці цярпенне, калі яго нельга не заўважыць.

 

У доме дапамогі знаходзяцца дзеці, якія ад нараджэння пакутуюць на цяжкую хваробу. Зусім нямногія з іх могуць сядзець ці зрабіць колькі крокаў. І далёка не ўсе могуць увогуле рухацца. Тут не ўзнікае пытанне: чаму ці за што?

 

У імгненне сэрца сціскаецца ад болю, і тады пачынаецца пакутны, але вельмі важны ўрок. Ці патрэбна чалавеку, які ўсё жыццё нясе сваё цярпенне, спачуванне? Дзіўна, але не. Сёстры сваім прыкладам паказваюць, што да хворага трэба прыходзіць з усмешкай, трэба прысвяціць яму сваю ўвагу і сказаць хоць некалькі добрых слоў.

 

Чалавек у цярпенні патрабуе любові. Дзеці, у якіх ледзьве цепліцца жыццё, з невымоўнай радасцю сустракалі нашае хвіліннае з’яўленне. Што мы маглі ім даць?

 

Дзякую Богу, што Ён прывёў нас у Серадз. Служэнне сясцёр тут нельга назваць простым. Яно цяжкое і фізічна, і маральна. Хіба можна прызвычаіцца да пакуты дзіцяці? Але гэтае служэнне ёсць прыкладам трапяткога стаўлення да кожнага чалавечага жыцця і глыбокай пашаны да чалавечай годнасці.

 

Чэнстахова

Нашая пілігрымка набліжалася да завяршэння ‒ і да беларускай мяжы. Мы пачалі шлях ад Маці Божай Ліхэньская і скончылі ў Маці Божай Чэнстахоўскай, напярэдадні свята Божай міласэрнасці.

Падчас яснагурскага апеля нашым маленькім пілігрымам пашчасціла апынуцца ля цудадзейнага абраза і нават прымераць біскупскую шапку. Біскуп Антоні Длугаш благаславіў дзяцей, а таксама іх сем’і.
У нядзелю а 6 гадзіне з адкрыцця абраза Маці Божай і Святой Імшы распачалося святкаванне свята Божай міласэрнасці. У казанні святар нагадаў вернікам, што менавіта тут, у гэтай капліцы, святая Фаўстына Кавальская мела візію Найсвяцейшай Панны, размаўляла з Ёй. Божая ласка адкрываецца сэрцу, якое шукае Пана.

 

Дарога пілігрыма не абмежавана часам і прасторай. Фізічна ўжо колькі дзён я дома, але душа мая ўсё яшчэ ідзе. Ці гэта не дзіва: на адлегласці раптам убачыць тое, чаго не заўважыла, калі была побач. Раптам зразумець словы, на якія раней не звярнула ўвагі. Я ўсё яшчэ ў дарозе…

 

Тэкст Вольга Жвірко, здымкі Алена Горбік