Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Маёй маме 84 гады. Цi магу я, яе дачка, быць "бежмаванаю мацi" для яе пры бежмаваннi?...»

Адным з нямногіх сведкам цуду крыві Хрыста ў Сакулцэ з Божай ласкі стаў місіянер-марыянін кс. Рышард Гуроўскі (Ryszard Górowski) МІС. Яго сведчанне нагадвае пра надзвычайныя планы Бога ў справе збаўлення.

 

Памятаю, калі я прыехаў у Руанду ў 1990 г., сустрэў місіянера Гая Пінара (Guy Pinar), канадца, з супольнасці Місіянераў Афрыкі (Белыя айцы). Ён адкрываў мне таямніцы місійнай працы і часта казаў: “Рышардзе, ты тут, каб служыць людзям.

 

Будзь чалавекам пакорным, чалавекам у малітве, і тады ў тваім жыцці здзейсняцца дзіўныя рэчы. Спазнаеш Бога і зведаеш Яго любоў і благаслаўленне”.

 

Праз многа гадоў пасля той размовы бачу, што кс. Гай меў рацыю. Свой досвед спаткання з Богам ён хацеў перадаць не толькі словамі, але і праз сведчанне вернага жыцця з Ім. Пакутна загінуў падчас служэння Святой Імшы; гэта здарылася ў часы генацыду ў Руандзе ў місіі Кампанга.

 


2008 год. Упершыню еду ў Сакулку. Некаторыя пытаюць, навошта туды еду, хто мяне запрасіў. Адказваю: сям’я майго сабрата папрасіла ў мясцовага пробашча дазволу, каб я мог прыехаць і падзяліцца сведчаннем місійнага жыцця ў Афрыцы, прамовіць казанне і прадставіць выставу аб місіі, а таксама прасіць аб дапамозе, духоўнай і матэрыяльнай, для афрыканцаў, якім служым мы, марыяне. Пробашч кс. Станіслаў Гнядзейка (Stanisław Gniedziejko) згадзіўся. Пры выпадку сказаў, што буду першым місіянерам з Афрыкі ў яго парафіі; раней часта прымаў місіянераў з Беларусі.

 

Як звычайна, я прыехаў ужо у пятніцу, каб падрыхтаваць місійную выставу. Навуку місійную распачынаю ў суботу вечарам, а ў нядзелю чытаю яе падчас кожнай Святой Імшы.
Наступнага дня з ксяндзамі з парафіі служым ранішнюю Святую Імшу ў 7.30. Ля алтара нас было чацвёра. Падчас раздавання Святой Камуніі ў аднаго з ксяндзоў упала на падлогу кансэкраваная Гостыя. Бачу, як той ксёндз кленчыць, падносіць яе і цалуе. Затым, на маё здзіўенне, кладзе яе не ў келіх, а ў начынне з вадой, якое служыць для абмывання рук капланаў пасля удзялення Найсвяцейшага Сакраманту і знаходзіцца ля табернакулюма.

 

Здзівіўся паводзінам таго святара, бо ў маёй місійнай працы некалькі разоў таксама падала кансэкраваная Гостыя, і тады я з павагай падымаў яе, цалаваў і спажываў. Пасля Святой Імшы і падзякі ідзём на сняданне ў плябанію. Забыўся пра тое, што было ў касцёле, і не спытаў, чаму той ксёндз так зрабіў.

 

Застаюся яшчэ ў Сакулцэ, каб адведаць супольнасць сясцёр законных ‒ сясцёр-эўхарыстак, якія працуюць у той жа парафіі святога Антонія Падуанскага (іх супольнасць заснаваў наш аднавіцель ‒ блаславёны Юры Матулевіч), а таксама сясцёр ‒ служак Найсвяцейшай Панны Марыі, з якімі працаваў у Руандзе і каторым будаваў у 1993 годзе іх капліцу ў місіі Карама.


На наступны дзень, у аўторак раніцай, яшчэ перад Святой Імшой ксёндз пробашч Гнядзейка, вельмі ўражаны і ўсхваляваны, паказвае мне ў закрыстыі карпарал, яшчэ вільготны, на якім пасярэдзіне знаходзіцца чырвоная бясформенная субстанцыя таўшчынёй каля 1 мм і памерам каля 2 мм2.

 

Расказаў мне, што адбылося, пераказаўшы аповяд сястры-закрыстыянкі, якая напярэдадні вечарам пасля Святой Імшы, адкрыўшы тое начынне каля табернакулюма, заўважыла Гостыю, якая не разышлася і ляжала ў вадзе. Для бяспекі зачыніла начынне ў сейфе ў закрыстыі. На наступны дзень, убачыўшы, што Гостыя разышлася, выліла змесціва начыння на карпарал і, на сваё здзіўленне, убачыла чырвоную субстанцыю. Адразу ж паведаміла пра тое ксяндзу пробашчу.

 

Цуд… Пан аб’явіўся нам. Разважаю пра тое ў сваім сэрцы. Пане, Ты прыйшоў такім чынам і чаму якраз у той час? У нядзелю падчас казання місійнага расказваў на кожнай Святой Імшы пра апошні дзень жыцця місіянера, якога згадваў.
Было тое ў місіі Кампанга, якой апекаваліся сёстры-полькі з супольнасці сясцёр ад Анёлаў. 2 лютага 1996 года ‒ свята Ахвяравання Пана, свята асоб, якія прысвяцілі сябе Богу. На казанні кс.

 

Гай прамаўляў, што Пан Езус, прысутны ў Камуніі Святой, ёсць для ўсіх ежай на жыццё вечнае. Падчас раздавання Камуніі святар быў чатыры разы ранены стрэлам ‒ жаўнер меў загад забіць яго. Упаўшы, ксёндз прыкрыў сваім цела келіх з Найсвяцейшым Сакрамантам. Праз хвіліну памёр. З-пад яго цела выплыла кроў, якая злучылася з рассыпанымі белымі Гостыямі ‒ целам Езуса ‒ і утварыла бела-чырвонае рэчыва.

 

Тое, што адбылося ў Сакулцэ, заставалася ў тамніцы. Бачылі толькі нямногія. Тэолагі і спецыялісты пад кіраўніцтвам біскупа дыяцэзіі праводзілі следства. Былі слуханні. Са мной гаварылі па тэлефоне, бо быў тады ў Францыі. Праз нейкі час вестка пра здарэнне пачала пашырацца. Пасля спецыяльных даследаванняў з’явілася афіцыйнае рашэнне Касцёла Беластоцкай дыяцэзіі: тая чырвоная субстанцыя на карпарале вызначана як частка сардэчнай мышцы чалавека ў агоніі.

Прыбываюць пілігрымы, іх з кожным разам больш. Ёсць тыя, хто навярнуўся і атрымаў цудоўнае аздараўленне. Я таксама часта езджу ў Сакулку, маю там шмат сяброў. Гарадок прыгожы і чысты.

 

Там тры каталіцкія парафіі, царква і мячэць польскіх татараў. Сакулка для мяне асаблівае месца, дзе Пан ёсць так блізка, дзе прамаўляе да нас у цішыні, калі прыходзім на адарацыю, прысутны на карпарале і ў Найсвяцейшым Сакраманце.

 

Пра гісторыю цуду эўхарыстычнага ў Сакулцы можна даведацца з мноства публікацый, але вартасць маюць тыя, што падрыхтаваныя Касцёлам.

 

Гэта Пан Бог заўсёды мае ініцыятыву і прыходзіць да нас у час, калі найменш Яго чакаем. Мы не павінны прапусціць прыходзячага Пана, бо гэта вялікая і невымоўная страта ‒ не заўважыць блізкага Бога.

Кс. Рышард Гуроўскі (Ryszard Górowski) MIC

Пераклад Вольгі Жвірко з “Z Niepokalaną” Wiosna 1 (81) 2015