Касцёл ў Сухараве
Айцы Марыяне
Літургія
Чытальная зала
Пытаннi i адказы
У мінулую пятіцу міністранты нашай парафіі адправіліся на сустрэчу міністрантаў у Жодзіна. Адкрыццё сустрэчы адбылося на абяцаным арганізатарамі сюрпрызе, матчы БАТЭ – Славія ў рамках 1-ага тура Чэмпіяната Беларусі па футболу.
Прыехаўшы на гадзіну раней, нашыя хлопцы адразу ж адправіліся ў зону Кока-Колы, дзе маглі зрабіць фан-арт, сфатаграфавацца з талісманам БАТЭ, паіграць у настольны футбол і паспаборнічаць на трапнасць удару па варотах.
Дачакаўшыся гаспадароў сустрэчы, усе міністранты адправіліся на Барысаў-Арэну, каб паглядзець гульню чэмпіёна Беларусі. Матч атрымаўся сапраўды неблагім, але і гульцы, і заўзятары яшчэ не цалкам прачнуліся пасля міжсязоння.
Усе, хто прыйшлі ў той вечар на стадыён, маглі ўбачыць толькі адзін гол. Яго забіў сербскі абаронца БАТЭ Філіп Младэнавіч у сярэдзіне першага тайма.
Пасля матча усе ўдзельнікі сустрэчы паехалі ў Жодзіна, каб адпачыць перад спаборніцтвамі.
Прачнуўшыся, хлопцы зрабілі зарадку, пасілкаваліся, а потым прынялі ўдзел у турніры літургічных ведаў.
Усе, нават малодшыя міністранты, добра адказвалі на пытанні, але у лідэрах апынуліся наша каманда і каманда з Маладзечна “Сatholic Crew”. На жаль, у кантрольных пытаннях нашы хлопцы саступілі толькі адно ачко і занялі 2 месца.
Пасля кароткага адпачынку хлопцы зноў спаборнічалі ў турніры па настольнаму футболу. Ад нашай каманды ўдзельнічалі самыя малыя міністранты, але не гледзячы на гэта змаглі аднойчы перамагчы і заняць 5 месца.
Далей хлопцы пайшлі маліцца на Святую Імшу, падчас якой кс. Андрэй Сідаровіч МІС у казанні сказаў: “Галоўнае – не перамога, а паяднанне”.
Пасля абеду міністранты ператварыліся ў футбалістаў, і ўжо ў спартыўным зале пайшлі зарабляць пункты ў скарбонкі сваіх каманд. Старэйшыя міністранты перамаглі ў двух матчах супраць Жодзіна і Маладзечна, але, на жаль, прайгралі камандам з Барысава і Полацка.
Ужо 4 раз запар нашая парафія перамагла ў турніры малодшых міністрантаў. Наша каманда перамагла усіх супернікаў, таму што заўсёды паказвае камандную гульню.
Тэкст: Богдан Віктар, здымкі: Бойка Караліна, Белякова Паліна, Богдан Віктар, а. Андрэй