Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Какие улицы относятся к вашей парафии?...»

Архімандрыт Сяргей Гаек: «Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі — жывая супольнасць, якая стараецца жыць сваёй духоўнай спадчынай»

25-годдзе аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця адзначаюць грэка-католікі Беларусі. 11 сакавіка — гадавіна беларускамоўнай службы ў Мінску Апостальскага візітатара для беларусаў замежжа а. Аляксандра Надсана. Інтэрв’ю з гэтай нагоды даў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

— З 1993 года Вы з’яўляецеся Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі. Як змянілася Грэка-Каталіцкая Царква за гэты час?

— Ад моманту аднаўлення адкрытага душпастырства і літургічнага жыцця грэка-католікаў Беларусі прайшло 25 гадоў.

Нам трэба ўзгадаць, што 12 лістапада 1989 года група моладзі і інтэлігэнцыі з Мінска прыехала ў Баруны, дзе тады ў былым базыліянскім храме, на рыма-каталіцкай парафіі і ў рыма-каталіцкім абрадзе (іншай магчымасці тады не было), служыў грэка-каталіцкі святар айцец Ян Матусевіч. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пазней ён ахрысціў шмат маладых людзей. Праз некаторы час айцец Ян пераехаў у Мінск і тут пачаў душпастырскае служэнне. Той час вызначаўся ростам зацікаўленасці Уніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Мінска і іншых гарадоў Беларусі.

У сакавіку 1990 г. у Мінск прыехаў з Лондана Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан. Ён прывёз гуманітарную дапамогу для дзяцей – ахвяраў катастрофы Чарнобыля, і нечакана сустрэў у Мінску ўніяцкую моладзь.

Дзень 11 сакавіка 1990 г., калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Мінску па-беларуску Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе, можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі.
Мы не лічым, што наша Беларуская Уніяцкая Царква была ліквідавана (гвалт царскай адміністрацыі, а таксама бязбожных савецкіх уладаў не меў ніякай кананічнай вартасці), проста дзейнасць Царквы ў час пераследу была забаронена і душпастырства вялося ў падполлі.
У 1990 г. у Мінску і іншых гарадах Беларусі было сабрана больш за 2 тысячы подпісаў да Папы з просьбай аднавіць кананічныя структуры Уніяцкай (Грэка-Каталіцкай) Царквы.

— І тады Вы атрымалі прызначэнне Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі?

— Так. У такім кантэксце ў 1993 г. я атрымаў ад Святога Айца Яна Паўла ІІ прызначэнне Апостальскім візітатарам (а пазней і сан архімандрыта) дзеля узмацнення і каардынацыі працэсу аднаўлення парафіяльнага жыцця беларускіх грэка-католікаў.

Варта памятаць, што працэс аднаўлення дзейнасці грэка-каталіцкіх парафій і супольнасцяў ініцыявалі і праводзілі самі вернікі. На пачатку гэтага працэсу ў Беларусі было толькі два грэка-каталіцкія святары (а. Ян Матусевіч у Мінску і а. Віктар Данілаў у Гродне).

Таму вельмі важнай задачай, якая стаяла тады перад намі, было дынамізаваць фармаванне духоўных кадраў. Першыя семінарысты паехалі вучыцца ў Чэхію (дакладней у Аламоўц на Мараве, дзе існавала жывая традыцыя святых Кірыла і Мятода), пазней ва Украіну, Польшчу, Германію, Рым.
Пачала адраджацца і манаскае жыццё.

Сёння Беларуская Грэка-каталіцкая Царква налічвае 25 святароў (у тым ліку 5 іераманахаў) і 4 дыяканаў. Гэтыя святары атрымалі багаслоўскую адукацыю і духоўную фармацыю на працягу мінулых 25 гадоў. Некаторыя з іх нясуць пастырскае служэнне за межамі Беларусі (некаторыя служаць на рыма-каталіцкіх парафіях) або працягваюць навучанне.
У першыя гады адкрытага душпастырства дзяржаўную рэгістрацыю атрымала 15 парафій, наступныя 14 знаходзіцца ў працэсе аднаўлення рэгулярнай пастырскай дзейнасці.
Паводле кананічнага права Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі мае статус «Царквы свайго права (sui iuris)» – але факт неаднаўлення цэнтральнай адміністрацыйнай структуры (епархіі) не дазваляе нам запрасіць для дапамогі душпастыраў ці манахінь з-за мяжы, напрыклад, са Славакіі або Харватыі. Асабліва адчуваецца адсутнасць жаночых манаскіх супольнасцяў. Таму хачу выказаць вялікую падзяку нашым святарам, якія сапраўды гераічна стараюцца здзяйсняць пастырскую апеку сярод вернікаў, што жывуць у аддаленых рэгіёнах краіны.

У гэтых складаных умовах душпастырскага служэння вялікай дапамогай для нас з’яўляюцца плёны нястомнай перакладчыцкай працы а. Аляксандра Надсана (і яго супрацоўнікаў) у Лондане. Мы атрымалі беларускамоўныя тэксты набажэнстваў візантыйскай традыцыі і можам шчодра карміцца духовым багаццем нашай літургічнай спадчыны, хаця гэты працэс яшчэ не завершаны.

А на пытанне, што змянілася ў жыцці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі за 25 гадоў, можна адказаць, што, дзякуючы нашай душпастырскай працы, за гэты час грамадства Беларусі змагло даведацца, што Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі існуе і што гэта традыцыйная Царква, якая зрабіла вялікі ўнёсак у жыццё Беларусі ў галіне адукацыі (базыльянскія школы), архітэктуры, культуры. Канешне, мы не з’яўляемся гістарычным запаведнікам — толькі жывой супольнасцю, якая стараецца асэнсаваць каштоўнасць сваёй духоўнай спадчыны і жыць ёю сёння.

— Што належыць да прыярытэтных справаў у ажыццяўленні душпастырства і літургічнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы сёння?

— Грэка-каталіцкае душпастырства ў Беларусі абапіраецца на Катэхізіс Каталіцкай Царквы і на Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў. Катэхізіс традыцыйна вызначае тры асноўныя колы душпастырскай дзейнасці: евагелізацыя, літургія і хрысціянскае жыццё.

У евангелізацыі актыўна супрацоўнічаюць святары і свецкія вернікі, канешне, адпаведна падрыхтаваныя. Евангелізацыя азначае несці Евангелле Езуса Хрыста жыхарам Беларусі, таму ў гэтым коле душпастырскага служэння вельмі важна вывучаць гісторыю, літаратуру, культуру Беларусі – багатую духоўную спадчыну беларускага хрысціянства. Поле вывучэння вельмі шырокае — ад св. Еўфрасінні Полацкай, св. Кірылы Тураўскага і Францішка Скарыны да святароў, заангажаваных у нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ і ХХ стагоддзях. Вялікую актыўнасць у гэтай сферы праяўляюць парафіі ў Гродне, Брэсце, Баранавічах.

Вельмі важным духоўным цэнтрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з’яўляецца храм св. Параскевы Полацкай і парафія ў Полацку. Вернікі з іншых мясцовасцяў наведваюць яго вельмі часта, туды ж прыходзіць і штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск-Полацк.
Літургія – сэрца жыцця Царквы. Мы стараемся быць вернымі багатай літургічнай усходняй традыцыі. Службы адпраўляем па-беларуску, часам карыстаемся царкоўнаславянскай ці ўкраінскай мовай — залежна ад просьбаў вернікаў.
Вялікай цяжкасцю з’яўляецца для нас адсутнасць храмаў з іканастасам. На самой справе маем толькі 2 храмы (у Полацку і Магілёве) і некалькі душпастырскіх цэнтраў, у некаторых з іх у капліцах ёсць малыя іканастасы.
У сувязі з гэтым хачу шчыра падзякаваць іерархам і святарам Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі за шчодрую, братэрскую «літургічную гасціну» – гэта значыць магчымасць адпраўляць грэка-каталіцкія набажэнствы ў рыма-каталіцкіх храмах.

Адпраўленне набажэнстваў на беларускай мове з’яўляецца ўвасабленнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангеллем і культурай. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква – верная сваёй традыцыі – бачыць сваю важную місію ў пашырэнні беларускай хрысціянскай культуры.
Інкультурацыя Евангелля і евангелізацыя культуры адбываецца ў шматлікіх сферах душпастырскага служэння Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы.

Душпастырскі клопат аб хрысціянскім жыцці вернікаў азначае пашырэнне евангельскіх прынцыпаў (і стандартаў) жыцця вернікаў, сем’яў, моладзі. Але азначае таксама сацыяльнае служэнне (дыяканію) сярод людзей, якія патрабуць дапамогі. І тут, зразумела, мы не звяртаем увагі на веравызнанне тых, каму дапамагаем.

Вельмі каштоўнае служэнне нясуць у нашых парафіях валанцёры хрысціянскага руху св. Мікалая. У некаторых парафіях святары і вернікі асабліва заангажаваныя ў абарону жыцця ненарожаных дзяцей (напрыклад, у Магілёве ці Віцебску), абарону моладзі ад маральных небяспек і прафілактычную працу з маладымі людзмі (тут асаблівая заслуга манахаў рэдэмптарыстаў з Мінска). Важная для нас таксама дапамога сем’ям, якія сустракаюцца з маральнымі праблемамі.

— Якія адносіны склаліся ў грэка-католікаў з прадстаўнікамі іншых канфесій у Беларусі?

— У грэка-каталіцкім душпастырстве мы ахвотна супрацоўнічаем з хрысціянамі іншых канфесіі. На першым плане, канешне, супрацоўніцтва з рыма-католікамі, з якімі мы належым да адной Каталіцкай Царквы, захоўваючы пры гэтым розныя літургічныя абрадя і розную кананічную дысцыпліну.

Мы змаглі наладзіць супрацоўніцтва з праваслаўнымі і з хрысціянамі пратэстанцкіх канфесій у пэўных сферах сацыяльнага служэння, напрыклад у акцыях валанцёраў св. Мікалая.

З радасцю і ахвотай супрацоўнічаем у рамках Біблійнага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (калісьці там працаваў а. Ян Матусевіч, зараз а. Андрэй Крот і доктар біблійнага багаслоўя Ірына Дубянецкая).

Сустракаемся і з праваслаўнымі святарамі, часам з іерархамі, у рамках культурных мерапрыемстваў.

Добрай платформай міжканфесійнай сустрэчы з’яўляецца Кансультацыны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, дзе можам сустрэцца нават з прадстаўнікамі нехрысціянскіх рэлігій – іўдзеямі і мусульманамі.

Можна сказаць, з людзьмі добрай волі іншых хрысціянскіх канфесій мы маем добрыя адносіны. Канешне, выкарыстаны далёка не ўсе магчымасці развіцця сапраўднага міжканфесійнага дыялогу.

— А як складваецца супрацоўніцтва Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі з Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі ў іншых краінах?

— Уніяцкая Кіеўская мітраполія ахоплівала землі сённяшняй Беларусі і Украіны. Праз шмат дзесяцігоддзяў уніяцкі Кіеўскі Мітрапаліт меў свой пасад у Беларусі (у Наваградку) або ў Вільні. Таму нашыя духоўныя адносіны з Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой вельмі глыбокія. Адначасова Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі корміцца візантыйска-славянскай духовай спадчынай, якая склалася яшчэ ў час да падзелу паміж Рымам і Канстанцінопалем. Асабліва каштоўная для нас духоўная спадчына святых Кірылы і Мятода, Апосталаў славян.

Гэта дазваляе нам будаваць блізкія адносіны са Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквой, з Мукачаўскай грэка-каталіцкай епархіяй, з Апостальскім Экзархатам для грэка-католікаў ў Чэхіі, з Апостальскім Экзархатам для католікаў візантыйскага абраду ў Балгарыі. Блізкія ў нас адносіны і з Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквой.
Вельмі важныя для нас таксама братэрскія кантакты з рускімі грэка-католікамі, што жывуць у Расійскай Федэрацыі, і з грэка-католікамі краін Балтыі, асабліва ў Вільні. Базыльянскі храм Святой Тройцы ў Вільні – гэта наша каштоўная духоўная спадчына.
За мінулыя 25 гадоў Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ўдзельнічала ў шматлікіх духоўных мерапрыемствах гэтых Цэркваў-сясцёр. Гэта дае нам вопыт нашай каталіцкасці (паўсюднасці) і дапамагае цярпліва несці сведчанне Евангелля ў нашай Бацькаўшчыне.



(AG)

Католік бай
П.с. Айцец Архімандрыт Сягрей Гаек манах Ордэна Айцоў Марыянаў