Касцёл ў Сухараве
Айцы Марыяне
Літургія
Чытальная зала
Пытаннi i адказы
У субботу, 21 лютага, па ўсёй Беларусi ладзiлi шырокую масленiцу – з кiрмашамi, блiнамi, шашлыкамi, «панскаю гарэлкаю», рыцарскiмi турнiрамi, карагодамi, гульнямi, i ўрэшце - са спальваннем саламянае Масленiцы-лялькi… Добра справа - народ весялiўся…
I толькi незаўважальна малая частачка гэтага народу - мы з вамi, дарагiя майму сэрцу росiцкiя пiлiгымы,- абрала для сябе ў гэты дзень iншую дарогу, iншы ўспамiн...
Падняўшыся нi свет-нi зара, запоўнiўшы халаднаватыя з ранiцы аўтобусы, доўгiмi i кароткiмi шляхамi мы ехалi з Мiнску, з Барысава, Жодзiна, Полацка, Глыбокага, Друi i iншых месцаў у адным накiрунку – у Росiцу. Яна клiкала нас i чакала, каб нагадаць пра жудасную трагедыю, якая тут адбылася ў 1943 г., каб даць нам сiлы вырвацца з нашае штодзённай мiтуснi, аслупянець каля зiмовага возера росiцкае жалобы, абмыць нас сваiмi гарачымi слязамi, i, узмоцненых i шчаслiвых, натхнiць на новае жыццё.
У вачах тых, хто весялiўся на масленiцы, мы, напэўна ж, выглядалi шаленцамi – па дарозе з Мiнску i назад правесцi амаль 10 гадзiн у аўтобусе, пару гадзiн на малiтве ў настылым касцёле i ў працэсii па гразкай дарозе…! Дзеля чаго?
Не пабываўшы ў Росiцы, нiхто i не здолее зразумець, чаму мы вяртаемся адтуль дахаты чыстымi i крылатымi, чаму будзем чакаць наступнай пiлiгрымкi, i тады, адклаўшы нейкiя пiльныя справы, будзем iзноўку iмчацца туды, у Росiцу – у Росiцу! - каб пабачыць усiх-усiх, адразу i назаўсёды ўмiлаваных аднадумцаў, падросшых дзяцей, старэючых бабулек, расцвiтаючых дзяўчат i юнакоў, каб моцна-моцненька абняць адзiн аднаго, пачуць цёплыя словы, сказаць цёплыя словы, шчаслiва адчуць гэты дзiўны i святы дух Росiцы, маленькае вёсачкi на паўночным ускрайку Беларусi – месца пацалаванага Богам…
Мне нават зусiм i не дзiўна, што апостальскi нунцый Клаўдзiо Гуджэроццi вырашыў прыехаць у Росiцу гэтак жа, як i мы - як просты пiлiгрым, i цешуся, што ў яго гэта атрымалася! Не маю сумнiваў, што гэтая пiлiгрымка, гэтыя простыя i моцныя пачуццi, якiя ён шчыра i прыгожа перадаў нам разам са «свежым» папскiм блаславеннем, застануцца ў ягонай памяцi i будуць зноў клiкаць яго сюды.
Вы яшчэ не былi ў Росiцы? Прыйдзiце i ўбачце, якi добры ёсць Бог!
Тэкс і здымкі Рубiнава Iрына