Касцёл ў Сухараве
Айцы Марыяне
Літургія
Чытальная зала
Пытаннi i адказы
Некалькі дзён таму скончылася апостальскае падарожжа Папы Францішка на Філіпіны. Змяшчаем размову з а. Д. Джэвецкім, марыяніна, аб пасланні папскай пілігрымкі, падрыхтаваную Ватыканскім радыё (далей В.Р).
Рэха пілігрымкі
(Філіпіны: размова з а. Дарэкам Джэвецкім МІС аб пасланні папскай пілігрымкі)
В.Р. Клопат пра бедных і неабходнасць барацьбы з карупцыяй наймацней гучалі ў папскім пасланні
"Спатканне з моладдзю і Св. Імша, у якой, не зважаючы на праліўны дождж, прынялі ўдзел каля 6 млн вернікаў, ‒ гэта галоўныя падзеі перадапошняга дня папскага візіту на Філіпіны. Адметна, што нягледзячы на шматлікія высілкі ўлады, каб схаваць беднасць і штодзённыя праблемы, менавіта бедныя і адкінутыя былі ў цэнтры папскай пілігрымкі”, ‒ падкрэсліў а. Дарыуш ДжэвецкіMIC, які працуе ў гэтай астраўной краіне.
В.Р. Выслухаўшы сведчанні моладзі, Папа Францішак адклаў у бок падрыхтаваныя карткі і пачаў спатнанна каментаваць тое, пра што пачуў. Я быў гэтым вельмі ўзрушаны
а. Д. Джэвецкі МІС: Для нас усіх найбольш кранальным момантам і разам з тым адлюстраваннем сённяшняга дня была хвіліна, калі Глызель Паломар (GlyzellePalomar), задаючы пытанне, заплакала і прытулілася да Папы. Магчыма, прысутныя няшмат узгадаюць з таго, што казаў Папа, але будуць памятаць, як ён сябе паводзіў. Напэўна, яго пасланне такое моцнае, бо глыбока паяднанае з яго паставай. Адзін з прысутных сказаў мне, што адчуваў сябе так, быццам разам з усімі сваімі праблемамі прытуліўся да Святога Айца, которы так чула прыгарнуў дзяцей вуліцы.
Нягледзячы на высілкі ураду паказаць толькі прыгожае аблічча Філіпін і Манілы, бедныя і адкінутыя выйшлі на дзённае святло і занялі цэнтральнае месца ў папскім падарожжы. Варта ўзгадаць, што ўніверсітэт, дзе праходзіла спатканне, самы прэстыжны на Філіпінах. Навучанне тут каштуе вельмі дорага. Больш за 70 працэнтаў філіпінцаў, якія хацелі б працягваць навучанне, проста не ў стане сабе гэта дазволіць. І менавіта ў такім месцы найбольш моцна выявілася драма дзяцей вуліцы.
Адказваючы на пытанне аб цярпенні дзяцей Святы Айцец не маралізаваў і не звяртаўся да прыгожай філасофіі, а толькі заахвочваў да супольных слёз і спачування. Гэта вельмі простае пасланне, але разам з тым вельмі патрэбнае. Многія з нас ‒ філіпінцы, ксяндзы, місіянеры, касцельныя людзі, палітыкі ‒ прызвычаіліся да таго, што бяда проста ёсць. Не хапае спачуцця і слёз, каб схіліцца над такімі забытымі людзьмі, як Глызель, ‒ адкінутымі, выкарыстанымі.
Для філіпінцаў вельмі важныя жэсты; яны кажуць больш за словы. Адметна, што тая зняважаная дзяўчынка магла з пачуццём бяспекі прытуліцца да пляча айца, і для яе гэта быў момант не толькі заспакаення, але і аздараўлення. Так адчуваюць тысячы філіпінцаў. Папа вучыць гэтай еднасці слоў і жыцця. Ён бачыць праблемы, напрыклад чуе, што нехта загінуў. Заклікае да малітвы, але і сустракаецца з бацькам валанцёркі, якая трагічна загінула. Гэта не палітык, які прыехаў паказацца і заклапочаны, каб усё добра прайшло. Папа Францішак паказвае нам, як павінен паводзіць сябе пастыр. Айцец, які не баіцца быць у складаных сітуацыях са сваімі дзецьмі, як напрыклад у суботу ў Таклабане, сярод тых, хто выжыў пасля тайфуну. Альбо як сёння сярод ахвяр той несправядлівай сацыяльна-палітычнай сістэмы, якая тут пануе. Сапраўды неверагодна, што таго Хрыста, якога абвяшчае Папа, можна знайсці ў бліжнім, каторы адкінуты і пакутуе. І што з ран і бяды тых людзей можам атрымаць навуку для саміх сябе, для свёй бяды, для свайго эгаізму. Варта звярнуцца да таго, аб чым сказаў Папа ў першыя хвіліны пілігрымкі на Філіпіны: у цэнтры паслання Евангелля бедныя; калі з яго выкрэсліць бедных, то яно губляе сэнс і місія Хрыста робіцца зусім незразумелай.
В.Р. Папа Францішак нястомна заклікаў філіпінцаў да здзяйснення рахунку сумлення над тым, як выглядае іх хрысціянства
а. Д. Джэвецкі МІС: …Пытаўся, ці мы вучні Езуса. Ці можаз’яўляемся ахрышчанымі, але ўсё ж паганцамі. Думаю, гэта падстава для рэфлексіі. Так ці інакш, але 80 млн філіпінцаў з’яўляюцца католікамі, а навокал беднасць, карупцыя і многія іншыя беды. Можа штосьці з нашым хрысціянствам не так? Нам патрэбны змены, карэнны паварот да Хрыста, асабістая сустрэча з Ім. Касцёл на Філіпінах рыхтуецца да святкавання 500-годдзя евангелізацыі. Думаю, навучанне Папы Францішка можа быць на гэтым шляху надзвычайнай дапамогай і падказкай. Сапраўды, мы часта забываемся, што толькі Хрыстос можа даць нам патрэбныя сілы і той спосаб служэння, да якога заклікае і які абвяшчае Папа.
В.Р. Папа заклікаў да аднаўлення. З чаго яно павінна пачацца?
а. Д. Джэвецкі МІС: Калі казаць пра дэкларатыўнасць быцця католікам, то трэба зазначыць, што на Філіпінах ёсць праблемы, звязаныя з жыццём сакраментальным.
У нашым санктуарыуме Божай Міласэрнасці на Мінданао галоўным чынам удзяляем сакрамант паяднання. З уласнага вопыту магу сказаць, што многія людзі гадамі не спавядаюцца. Тут віна ксяндзоў, якія не спавядаюць, слабой катэхезы альбо ўвогуле яе адсутнасці. Сакраманты занядбаныя. З іншага боку, людзі прызвычаіліся, прыходзячы да касцёла, масава прыступаць да Камуніі. Сакраментальнае жыццё на Філіпінах патрабуе грунтоўнага аднаўлення, мы павінны дапамагчы людзям адкрыць значэнне сакрамантаў. У гэтай краіне хрысціянства моцна пераплецена з забабонамі і лакальнымі вераваннямі. Таму часта вера не з’яўляецца глыбокай, зводзіцца, напрыклад, да імкнення абавязкова дакрануцца да фігуры святога. І гэта вялікі заклік да новай евангелізацыі. Папа падкрэсліў у такім кантэксце, што тут складана ацаніць веру людзей, бо Евангелле ўкаранялася на гэтай культуры.
Р.В. Папа Францішак шматразова падкрэсліў абавязковасць клопату аб сям’і і кожным дзіцяці
а. Д. Джэвецкі МІС: Гэта вельмі надзённая праблема. Урад імкнецца да таго, каб кожная сям’я мела бясплатны доступ да кантрацэпцыі. Мяркуецца, што гэта спосаб барацьбы з беднасцю. Разам з тым медыцына не бясплатная. У шпіталях для самых бедных страшэнныя ўмовы, на адным ложку ляжаць па пяцёра дзяцей… Зразумела, што за прапагандай кантрацэпцыі стаяць вялікія грошы і фірмы, якім тое на руку. У той жа час абсалютна не відаць клопату ўлады аб дзецях, якія ўжо нарадзіліся і апынуліся на вуліцы. Куды большую карысць дзяржаве дало б адрасаванне сродкаў, прызначаных на фінансаванне кантрацэпцыі, на шпіталі, дамы дзіцяці і школы. Пачатковая школа нібыта бясплатная, але многім сем’ям не хапае сродкаў для набыцця патрэбных школьных прылад і абавязковай школьнай формы. Асабіста я вельмі цешуся, што Папа шматразова ўзгадаў дзяцей, што напомніў аб абавязку клапаціцца пра кожнае жыццё. У гаміліі Святы Айцец так выразна адзначыў, што жыццё Езуса таксама было пад пагрозай з боку скарумпаванага караля Ірада. Гэтыя словы вельмі моцна гучалі для ўсіх, хто сочыць за падзеямі ў Філіпінах.
Р.В. Што для Вас стала галоўным пасланнем пілігрымкі Папы Францішка на Філіпіны?
а. Д. Джэвецкі МІС: Думаю, найважнейшым матывам усяго папскага падарожжа ёсць клопат пра бедных і барацьба з распаўсюджанай карупцыяй. Папа сказаў, што вельмі лёгка загубіць сябе нават у свеце Інтэрнету. Тут жа народным спортам з’яўляюцца пеўневыя баі ‒ азартная гульня, многія знаходзяцца ў залежнасці: трацяць усе грошы. Чарговая залежнасць – гэта алкаголь. Адначасова мноства людзей паміраюць, бо не маюць чаго з’есці. Гэта патрабуе нашага вялікага клопату. Папа выразна сказаў, што мы будзем судзімыя паводле таго, што зрабілі для самых бедных, адкінутых. А яны ў гэтым грамадстве на адлегласці выцягнутай рукі. Цікава, што ў каталіцкай краіне пераважна місіянеры ствараюць дамы для дзяцей з вуліцы. Місіянеры тут вельмі патрэбныя, найперш для таго, каб праз евангелізацыю вяртаць разуменне годнасці жыццё, асабліва адкінутым, забытым. Я асабіста адчуў у часе тайфуну, наколькі важная гэта місія, нават калі краіна называецца каталіцкай.
Пераклад з польскай мовы Вольгi Жвірко
Крыніца: pl.radiovaticana.va