Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Маёй маме 84 гады. Цi магу я, яе дачка, быць "бежмаванаю мацi" для яе пры бежмаваннi?...»

Знак Святога Крыжа

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на векі вечныя. Амэн.

Малітва Панская

Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi.

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.

Анёльскае прывітанне

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус.

Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

Апостальскі сімвал веры

Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.

Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн.

Анёл Панскі

Тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам – звычайна ў касцёлах б’юць званы, заклікаючы вернікаў да праслаўлення Бога ў таямніцы ўцелаўлення, да ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі словамі гэтай малітвы, якая чытаецца стоячы.

Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі,
і зачала ад Духа Святога.
Вітай, Марыя...

Вось я, слуга Панская,
няхай мне станецца паводле Твайго слова.
Вітай, Марыя...

А Слова сталася целам
і пасялілася між намі.
Вітай, Марыя...

С.: Маліся за нас, Святая Багародзіца,
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся:
Божа, просім Цябе, улі ў нашыя сэрцы Тваю ласку, каб мы, пазнаўшы праз анёльскае звеставанне ўцелаўленне Хрыста, Твайго Сына, праз муку Яго і крыж былі даведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Калі Анёл Панскі ахвяруецца за памерлых, тады дадаецца:

Вечны адпачынак дай ім, Пане,
а святло вечнае няхай ім свеціць.
Няхай адпачываюць у супакоі.
Амэн.

У Велікодны перыяд замест малітвы Анёл Панскі чытаецца малітва Уладарка неба:

Уладарка неба, усцешся, аллелюя.
Бо той, каго пад сэрцам насіла, аллелюя,
Уваскрос Ён, як прадказваў, аллелюя.
Богу за нас маліся, аллелюя.

С.: Весяліся і радуйся, Панна Марыя, аллелюя,
Н.: Бо ўваскрос Пан праўдзіва, аллелюя.

Молімся:
Божа, Ты праз уваскрасенне Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, напоўніў свет радасцю, учыні, просім, каб праз заступніцтва Яго Маці, Панны Марыі, мы атрымалі радасць вечнага жыцця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Акт веры

Веру ў Цябе, Божа вечны,
У Тройцы адзіны, спрадвечны.
Веру ў тое, што аб’явіў Ты, Божа,
Тваё слова памыляцца не можа.


Акт надзеі

Давяраю, бо Ты верны,
Усемагутны і міласэрны.
Дай грахоў мне адпушчэнне,
Ласку й вечнае збаўленне.


Акт любові

Божа, хоць Цябе не разумею,
Ды найбольш любіць умею,
За ўсё, што створана Табою,
Тваёй бязмежнай дабрынёю.
Шкадую за злосць маю,
Бо цаню любоў Тваю.
Май літасць да грэшнага мяне.
Бліжнім прабачаю дзеля Цябе.


Штодзённае ахвяраванне

Божае Сэрца Езуса, ахвярую Табе праз Беззаганнае Сэрца Марыі ўсе малітвы, справы, працу і крыж сённяшняга дня як перапрашэнне за грахі мае. Далучаю іх да ўсіх тых інтэнцый, з якімі Ты за нас ахвяраваўся на Крыжы і пастаянна ахвяруеш сябе на алтары. Ахвярую Табе іх за святы Касцёл, за Айца Святога і ў інтэнцыях сённяшняга дня, а таксама ў інтэнцыях нашай парафіі, сям’і, святароў і маіх родных – жывых і памерлых. Прагну таксама атрымаць усе магчымыя адпусты і ахвярую іх за душы ў чыстцы. Амэн.


Малітва перад ежай

Благаславі, Пане Божа, нас і гэтыя дары, якія будзем спажываць з Тваёй святой дабрыні і міласэрнасці, і навучы нас дзяліцца хлебам і радасцю з тымі, хто іх не мае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва пасля ежы

Дзякуем Табе, Пане Божа, за гэтыя дары, якія з Тваёй святой дабрыні і міласэрнасці мы спажывалі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва да Анёла Ахоўніка

Анёле Божы, дружа мой,
Ты заўсёды будзь са мной.
Рана, ўвечар і ўначы
Будзь ласкаў мне памагчы
Змагаць духа злога,
Верна служыць Богу.
Душу, цела сцеражы,
Да жыцця вечнага давядзі. Амэн.


Ранішняя малітва

Пане і Божа мой, у глыбокай пакоры станаўлюся перад Табою на калені і аддаю Табе паклон, пашану і хвалу. Будзь праслаўлёна Найсвяцейшая Тройца! Божа Ойча, які мяне стварыў, Божа Сыне, які мяне адкупіў, Божа Духу Святы, які мяне асвяціў! Усемагутны вечны Божа, шчыра дзякую Табе за тое, што Ты мяне ў гэтую ноч ласкава аберагаў і захаваў ад раптоўнай смерці. Ахвярую Табе, о Божа, усе думкі, словы і ўчынкі мае, каб яны паслужылі яшчэ большай хвале Тваёй. Прымі мяне і ўсіх маіх родных, сяброў і дабрадзеяў пад сваю святую апеку і ўчыні, каб тут, на зямлі, мы верна Табе служылі, а пасля смерці дасягнулі шчасця вечнага. Амэн.


Вячэрняя малітва

Усемагутны вечны Божа, дзякую Табе за ўсе ласкі і дабрадзейнасці сённяшняга дня; за радасць і смутак, за дасягненні і няўдачы. Прымі ўсё на хвалу Тваю. Хачу таксама перапрасіць Цябе за ўсе мае сённяшнія правіны.

Зрабі кароткі рахунак сумлення, прыгадай, што нядобрае ўчыніў, сказаў альбо падумаў на працягу дня. Якія абавязкі занядбаў? Ці быў ты сёння лепшы, чым учора? За добрае падзякуй Богу, за грахі – перапрасі.

Божа, Ойча найлепшы, шкадую і перажываю ўсім сваім сэрцам, што Цябе – Найвышэйшае Дабро – грахамі абразіў і засмуціў. Адчуваю сорам і агіду да ўсіх сваіх грахоў і цвёрда пастанаўляю выправіцца з дапамогаю Тваёй ласкі, аб якой пакорна прашу Цябе. Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага!

О мой Езу, будзь для мяне не Суддзёю, але Збаўцам!

Цяпер, о Божа, вазьмі мяне ў сваю святую апеку. Захавай мяне ад усялякага няшчасця і небяспекі, а таксама захавай маіх родных і ўсіх, за каго я павінен маліцца. Праз заслугі мукі, смерці і ўваскрасення Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста захавай нас у гэтую ноч ад раптоўнай і неспадзяванай смерці. Спашлі нам Анёла Ахоўніка, каб ён аберагаў нас ад подступаў сатаны. Дай нам спакойны і моцны сон, каб заўтра абудзіліся здаровымі для працы на хвалу і пашану імя Твайго. Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Езу, Марыя, святы Юзэфе, вам аддаю сэрца і душу маю.
Езу, Марыя, святы Юзэфе, будзьце са мною пры кананні.
Езу, Марыя, святы Юзэфе, няхай пры вас у спакоі аддам духа майго. Амэн.

Кладучыся спаць, зрабі знак крыжа асвячанай вадой і скажы:

Езу Хрыстэ, у імя Тваё спаць кладуся,
з душою і целам у апеку Табе аддаюся. Амэн.

Ойча наш... Вітай, Марыя... Веру
ў Бога... Анёл Панскі...