Чытальная зала

Пампуй новае каталiцкае прылажэнне "Малiтоўнiк"!

МАЛІТОЎНІК

Пытаннi i адказы

«Стою на дороге и не знаю куда пойти: в церковь или в костел? Ни разу не была ни там ни там. От боли в душе не знаю, куда деться. Как зайти, когда ...»

Вялiкi пост — час спазнання ласкi Божай мiласэрнасцi i навяртання

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты i сёстры!

1. Некалькi дзён таму, у Папяльцовую сераду, мы распачалi Вялiкi пост. На гэты раз ён мае асаблiвае значэнне, бо мы яго перажываем у Юбiлейны Год Божай Мiласэрнасцi. Гэта час ласкi, падчас якога мы паклiканы асаблiвым чынам спазнаць бязмежнасць Божай мiласэрнасцi на нашым шляху вяртання да Бога.

 

Усе мы грэшнiкi. Першародны грэх дэфармаваў нашу чалавечую прыроду, у вынiку чаго мы схiльны да граху. Ведаем, што такое дабро, але ў той жа час чынiм зло. Вялiкi пост — гэта дадзены нам Богам час выправiць наша духоўнае жыццё, а для гэтага найперш неабходна ўсвядомiць нашу грахоўнасць.

 

2. Трагедыя сучаснага чалавека ў тым, што ён страцiў пачуццё граху i праўду аб Божай мiласэрнасцi. I адно, i другое вельмi небяспечна, бо не дазваляе спаткацца з аздараўляючай ласкай боскага мiласэрнага прабачэння. Адзiн кажа, што не мае граху i таму яму не трэба навяртацца, другi — што так шмат награшыў, што яму ўжо нiхто не зможа дапамагчы.

 

На самой справе гэта зусiм не так. Усiм нам неабходна ўсвядомiць, што мы грэшныя, i даверыцца бязмежнай Божай мiласэрнасцi. Для гэтага неабходна ўсвядомiць праўду пра грэх, каб зразумець праўду пра Божую мiласэрнасць, — як вучыць Святы Айцец Францiшак (пар. NGM, c. 73-84), бо толькi тады як Вялiкi пост, так i Юбiлейны Год будуць мець сэнс.

 

3. Трэба памятаць, што злы дух стараецца заглушыць наша сумленне, каб мы не маглi адрознiць дабра ад зла, што вядзе да маральнага рэлятывiзму. Д’ябал кажа: «Нiчога страшнага, зграшы, паспрабуй толькi адзiн раз. Табе цяжка, прымi наркотык, выпі алкаголю, здрадзь сваёй жонцы цi мужу, расслабся, будзь спакойным». Такiм чынам ён паступова ўцягвае ў свае пасткi, з якiх потым вельмi цяжка вырвацца.

 

У працэсе навяртання неабходна таксама адрознiваць грэшнiка, якi разумее сэнс граху, ад таго, хто не разумее або страцiў гэты сэнс. Апошнi адмаўляецца ад неабходнасцi навяртання i Божага прабачэння, апраўдваючы свае грэшныя дзеяннi тым, што ўсе так жывуць, што цяпер iншыя часы, не сярэднявечча i г.д.

 

Такi хрысцiянiн вядзе двайное жыццё, што з’яўляецца скандалам, — як кажа Папа Францiшак (пар. NGM, с. 77). Ён лiчыць сябе веруючым, молiцца, ходзiць у касцёл, робiць добрыя ўчынкi i г.д., але адначасова кажа, што калi б не было Божай кары, то зграшыў бы. Гэта азначае, што ён выбiрае Бога i Яго закон не з любовi да Стварыцеля, але з-за страху. Такiм чынам ён сведчыць сваё рэлiгiйнае i духоўнае iгнараванне.

 

4. Адзiн аповед кажа аб тым, як злодзей ноччу прабраўся ў дом, у якiм нiкога не было. Ён iшоў па пустых пакоях i шукаў, што ўкрасці. Аднак нечакана пачуў голас: «Бог бачыць». Злодзей аслупянеў, засвяцiў ліхтарыкам у той бок, адкуль пачуў голас, i ўбачыў папугая. Менавiта папугай папярэдзiў яго, што Бог бачыць ягоныя справы.

 

Падобна i мы часта ў сваiм жыццi думаем, што можам чынiць усё, што нам захочацца, бо Бог далёка i не бачыць. Але Бог бачыць. Ён цярплiвы i мiласэрны. Праз Касцёл, знакi i выклiкi часу Ён папярэджвае нас, што ўсё бачыць — нашыя добрыя i дрэнныя ўчынкі.

 

Таму Вялiкi пост — гэта адпаведны час, каб пачуць голас Бога, якi кажа нам, што, жывучы ў граху, мы абкрадваем самiх сябе з Ягонай ласкi. Неабходна пачуць Яго голас, што заклiкае да навяртання, якое можам дасягнуць дзякуючы Божай мiласэрнасцi.

 

Трэба памятаць, што Божая мiласэрнасць бязмежная, i таму нават самы вялiкi грэшнiк не асуджаны на тое, каб патануць у балоце, у якiм чым больш мы рухаемся, тым больш пагружаемся ў яго. Побач з намі знаходзiцца мiласэрны Езус. Ён працягвае свае рукi ў нашым напрамку, заўсёды гатовы выцягнуць з грахоўнага балота. Для гэтага неабходна толькi ўсвядомiць свой грэх, быць сумленнымi з самім сабой, не залiзваць самiм сваiх грахоўных ран, пападаючы ў пасткi маральнага рэлятывiзму, але паддацца скальпелю мiласэрнага боскага Хiрурга, якi ў сакрамэнце пакаяння вылечыць нас ад смяротнай хваробы духоўнага раку. Нашы сэрцы павiнны быць адкрыты на прабачаючую мiласэрнасць Бога. Адзiнае, у чым мы маем патрэбу, — гэта прасiць Бога аб ласцы мiласэрнасцi.

 

5. Сённяшняе Евангелле распавядае гiсторыю выпрабавання Езуса ў пустынi, дзе Ён пасцiўся сорак дзён i начэй. Д’ябал прапануе Яму хлеб. Езус адказвае, што не адзiным хлебам жыве чалавек, але i словам Божым. Д’ябал прапануе Яму ўладу над усiм светам. Езус адказвае, што неабходна служыць толькi аднаму Богу. Д’ябал прапануе кiнуцца з высокай гары ўнiз i гэтым самым выпрабаваць Бога: «Уратуе цi не?» На што Езус рашуча адказвае, што нельга выпрабоўваць Бога (пар. Лк 1, 4-13).

 

Такiм чынам, Евангелле першай нядзелi Вялiкага посту з’яўляецца нам прыкладам, як паступаць са спакусамi. Нiколi нельга згаджацца з iмi, нават з такiмi, якiя здаюцца нязначнымi. Вялiкая залежнасць распачынаецца з малой.

 

Злы дух спакушаў аднаго пабожнага чалавека. Ён казаў яму: «Вазьмi нож i забi свайго сябра». — «Не, што ты, я нiколi гэтага не ўчыню». — «Здрадзь сваёй жонцы». — «Абсалютна не, я абяцаў ёй вернасць i застануся верным да канца». — «Украдзi ў суседа курыцу, і ў цябе будзе добры абед». — «Ну як жа, ён мой сусед, мы добрыя сябры. Не, я не магу гэтага ўчынiць». — «Ну добра, — кажа д’ябал, — можа, вып’ем тады па сто грам». Чалавек падумаў: ну, крыху выпiць, можа, i не пашкодзiць, i д’ябал будзе задаволены, i мне нiчога асаблiва грэшнага не пагражае. Выпiлi па адной, па другой i, як часта бывае ў такiх выпадках, страцiлi меру. Чалавек напiўся i паддаўся спакусам д’ябла — украў у суседа курыцу, здрадзiў жонцы i забiў сябра. Гэта вынiк таго, што ён згадзiўся на, як яму здавалася, зусiм нязначную спакусу. Сённяшняе Ёвангелле нас вучыць, што мы павiнны рашучым «не» адказваць на ўсе спакусы.

 

Аднойчы лiса праходзiла непадалёк ад воўчай нары. Воўк яе заклiкаў: «Зайдзi, пагутарым, абмяркуем справы i добра правядзем час». Хiтрая лiса, аднак, не згадзiлася. Яна сказала: «Не, не ўвайду ў тваю нару, бо бачу шмат слядоў, якiя вядуць туды, але нiводнага, якi вёў бы адтуль».

 

6. У Вялiкi пост, якi з’яўляецца часам духоўнай падрыхтоўкi да велiкодных святаў, Касцёл засяроджвае нашу ўвагу на крыжы, бо мы былi збаўлены крыжовай смерцю i ўваскрасеннем Езуса. Таму разважаннi Крыжовага шляху i ўдзел у яго набажэнствах павiнны быць часткай нашай духоўнай праграмы гэтага часу.

 

У хуткім часе споўнiцца 11 гадоў ад смерцi святога Папы Яна Паўла II. У 2005 г. ён ужо быў настолькi хворы, што фiзічна не мог прыняць удзелу ў традыцыйным Крыжовым шляху ў рымскiм Калiзеi. З вернiкамi, якія маліліся там, ён яднаўся з дапамогай тэлебачання. Для гэтага ў яго прыватнай каплiцы быў устаноўлены тэлеэкран. Напрыканцы набажэнства ён папрасiў, каб яму прынеслi крыж, якi ён прыцiснуў да свайго твару. Гэты ўзрушаючы здымак аббег увесь свет. У iм быў увесь Ян Павел II — вялiкi прыхiльнiк разважанняў Крыжовага шляху Езуса Хрыста.

 

Папа добра ведаў, што ў крыжы наша надзея. Ведаў і вучыў, што крыж з’яўляецца знакам мацнейшай за грэх любові, бо злу супрацьстаiць Божая мiласэрнасць (пар. ПС, с. 24). Ён казаў, што крыж заклiкае да навяртання, бо схіляе нас да адказу на пытанне аб нашай любовi да Бога i блiжнiх. Тут да месца прыгадаць яго словы, што пастава чалавека, якi задавальняецца мiнiмалiстычнай этыкай i павярхоўнай рэлiгiйнасцю, супярэчыць хрысцiянству (пар. NMI 31).

 

Няхай удзячная памяць гэтага Вялiкага Пантыфiка, якi 25 гадоў таму адрадзiў структуры Каталiцкага Касцёла ў нашай краiне i ўстанавiў Мiнска-Магiлёўкую мiтраполiю, i яго вучэнне аб выплываючай з крыжа Божай мiласэрнасцi заахвоцiць нас да належнага ўшанавання крыжа i мук Езуса, дзякуючы якiм мы былi збаўлены.

 

7. Для дасягнення добрых духоўных вынікаў Вялiкага посту Касцёл прапануе практыкаваць у iм выпрабаваныя часам пост, малiтву i добрыя ўчынкi.

7.1. Пост.

Святое Пiсанне дае нам шмат прыкладаў посту. Езус перад тым, як распачаў сваю публiчную дзейнасць, пасцiўся. Найчасцей пад словам «пост» мы разумеем устрыманне ад мясных страваў. Аднак гэта далёка не так. Хтосьцi не есць мяса, але задавальняецца даражэйшай рыбай, якая яму, можа, падабаецца больш за мяса. Таму паўстае пытанне: цi можа гэта лiчыцца сапраўдным постам?

 

У Каталiцкiм Касцёле ёсць добрая практыка, калi ў Вялiкi пост людзi прымаюць канкрэтныя пастановы, напрыклад, не пiць алкаголю, не паліць, абмежаваць час прагляду тэлепраграм цi карыстання iнтэрнэтам, не хадзiць на дыскатэкі i г.д. Гэта не што iншае, як свайго роду пост. Гэта таксама знак таго, што духоўныя справы мы ставiм на першае месца, што можам абмежаваць сябе ў матэрыяльных справах i адмовiцца ад пошуку прыемнасцяў. I калi мы вытрываем у такiх i падобных пастановах, то можам казаць, што перамаглi самiх сябе i спакусы, якiх шмат у нашым жыццi.

 

Кожны з нас мае нешта такое, што становiцца ў яго жыццi бажком, якi затрымлiвае нас на сабе саміх. Вялiкi пост з’яўляецца добрым часам на адкрыццё i ўсведамленне такiх бажкоў, каб адмовiцца ад iх. Гэта трэба зрабiць не толькi таму, што, напрыклад, дыета i пахудзенне спрыяюць нашаму здароўю. Трэба зрабіць гэта з любовi да Хрыста. Ён нас вучыць, што, каб штосьцi здабыць, неабходна ад чагосьцi адмовiцца. Каб паспяхова завяршыць вучобу ва ўнiверсітэце, студэнт павiнен шмат вучыцца i адмовiцца ад пустога правядзення часу. Падобна i з духоўным удасканаленнем.

 

7.2. Малiтва.

Малiтва — гэта сустрэча чалавека з Богам, якое можа быць розным. Нехта сказаў, што колькi ёсць людзей на свеце, столькi iснуе i спосабаў малiтвы. Мы добра ведаем, што сустрэча нават з тым самым чалавекам кожны раз выглядае па-рознаму. Мы можам слухаць чалавека або толькi рабіць выгляд, што слухаем.

 

Падобна можа выглядаць сустрэча з Богам. Можам размаўляць з Ім i слухаць, што Ён кажа нам, або толькi аўтаматычна паўтараць вывучаныя на памяць словы малiтвы, за якiмi не паспявае наш розум i сэрца. У той жа час Езус заклiкае нас да малiтвы для нашага дабра. Таму варта прыняць цяжар малiтвы.

 

Якая найбольш цяжкая праблема для малiтвы? Недахоп часу. Мы маем час на ўсё, акрамя малiтвы. Тут справы выглядаюць так, як i з постам: неабходна ад чагосьцi адмовiцца. Таму трэба знайсцi час на малiтву, каб адчуць радасць сустрэчы з Богам.

 

У гэты час навяртання таксама неабходна належным чынам выкарыстаць ласку рэкалекцый, духоўных практыкаванняў, якiя дапамагаюць усвядомiць наш грэх. Неабходна браць удзел у разважаннях Крыжовага шляху i пакутных набажэнствах, каб у святой споведзi ачысцiцца з грахоў i духоўна ўваскрэснуць.

 

7.3. Мiласцiна.

Ад пачатку свайго iснавання Касцёл, беручы прыклад з Езуса, якi служыў бедным i патрабуючым, заахвочвае да ўчынкаў мiласэрнасцi. Хрыстус кажа, што бедных будзем мець заўсёды (пар. Ян 12, 8), i iм неабходна дапамагаць. Аднак сярод нас ёсць i духоўна бедныя.

 

Менавiта таму Папа Францiшак заахвочвае ў Юбiлейны Год Божай Мiласэрнасцi да ўчынкаў мiласэрнасцi адносна цела i душы, каб «абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці. Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём як Яго вучні, ці не» (MV 15). А ў Пасланнi на Вялiкi пост ён кажа, што Божая мiласэрнасць змяняе сэрца чалавека так, што ён становiцца здольным да ўчынкаў мiласэрнасцi адносна цела i душы (пар. ПВП 2016, 3). Кніга Дзеяў Апосталаў, якая прадстаўляе гiсторыю Касцёла ў першыя гады яго iснавання, вучыць, што «больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць» (Дз 20, 35).

 

На мiласцiну неабходна глядзець яшчэ i ў перспектыве таго, каб даць iншаму нешта з сябе, напрыклад, прысвяцiць камусьцi свой час. Можа, бацька цi мацi занядбоўваюць сваю сям’ю, не клапоцяцца аб дзецях. Можа, хворы мае патрэбу ў нашай апецы i ўвазе. Таму Вялiкi пост павiнен стаць часам перамогi над сабой i адкрыцця на патрэбы iншых людзей, праяўлення міласэрнасцi адносна грэшнiкаў. Езус ненавiдзеў грэх, але любiў грэшнiкаў i быў мiласэрны да iх. Калi мы не любiм грэшнiкаў, то так робiм таму, што не ненавiдзiм грэх, якi ёсць у нас.

 

Пост, малiтва i мiласцiна — гэта тры з’яднаныя памiж сабой элементы. Пост рыхтуе прастору на сустрэчу з Богам у малiтве. Малiтва адкрывае на Божую любоў i iмкнецца ёй дзялiцца. Мiласцiна паказвае, што дар з сябе становiцца духоўным набыткам. Таму неабходна паглядзець на гэтыя тры элементы, як дар Бога, бо яны дапамагаюць зрабiць час Вялiкага посту часам збаўлення (пар. 2 Кар 6, 2).

 

8. Дарагiя браты i сёстры!

Гэтыя думкi прапаную вам на пачатку Вялiкага посту, каб лепш усвядомiць патрэбу пазнання самога сябе i сваёй грахоўнасцi, а таксама патрэбу навяртаня. Няхай дапамогай у гэтым працэсе стануць разважаннi над таямнiцай Крыжа, а таксама пост, малiтва i добрыя ўчынкi. А практыка амаральнага жыцця, якая ўсё больш распаўсюджваецца, падбудаваная сцвярджэннем, што ўсе так робяць, няхай не мае месца ў нашым жыццi, бо праўда застаецца праўдай нават тады, калi ў яе нiхто не верыць, а мана — маной, нават калi ў яе ўсе вераць, — як казаў вядомы амерыканскi прапаведнiк епіскап Фултан Шыiн (пар. https://kazania.wordpress.com/2015/01/05/sukces-diabla), каб мы ў сваiм жыццi нiколi не кiравалiся прынцыпам маральнага рэлятывiзму, што чалавек з’яўляецца канчатковай мерай маральнасцi i толькi ён вырашае, што ёсць дабро, а што зло. Замест гэтага няхай вядучай нормай нашага жыцця стане маральны закон. Таму, як заклiкае Папа Францiшак, не змарнуем часу Вялiкага посту, якi спрыяе нашаму навяртанню (пар. ПВП 2016, 3).

 

Давяраючы ўсiх вас апецы Марыi, Мацi Мiласэрнасцi, на шлях прыняцця ласкi Божай мiласэрнасцi i яе сведчання ў нашым свеце, а таксама велiкапоснага навяртання, ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына, i Святога Духа. Амэн.

 

Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч
Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi

Мінск, 2 лютага 2016 г.
Свята Ахвяравання Пана

 

Выкарыстаная лiтаратура i прынятыя скарачэннi:

1. Ян Павел II «Novo millennio ineunte» (NMI).
2. Ян Павел II. Памяць i самасвядомасць. Мінск, «Pro Christo», 2006 (ПС).
3. Францiшак. Була «Misericordiae Vultus» (MV).
4. Pope Francis. The name of God is mercy. London 2016 (NGM).
5. Францiшак. Пасланне на Вялiкi пост 2016 (ПВП 2016).
6. https://kazania.wordpress.com/2015/01/05/sukces-diabla/.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернiкам у першую нядзелю Вялiкага посту, 14 лютага 2016 г.

catholic.by